219

Рэдакцыя газеты “Ганцавіцкі час” будзе абскарджваць рашэнне Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці

23.09.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар незалежнага выдання і дырэктар прыватнага выдавецтва “Медыя-Ганцавічы” Пётр Гузаеўскі ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Галоўны рэдактар незалежнага выдання і дырэктар прыватнага выдавецтва “Медыя-Ганцавічы” Пётр Гузаеўскі

Нагадаем, што напачатку верасня Эканамічны суд Брэсцкай вобласці не задаволіў заяву прадпрыемства "Медыя-Ганцавічы” — выдаўца рэгіянальнай газеты "Ганцавіцкі час" — аб прызнанні незаконнымі дзеянняў Ганцавіцкага раённага савета дэпутатаў. Разам з тым, суд вынес прыватнае вызначэнне на адрас гэтага органа самакіравання за парушэнне заканадаўства аб СМІ і абавязаў распрацаваць палажэнне аб акрэдытацыі журналістаў.

Пётр Гузаеўскі з такім рашэннем не згодны:

— Па сутнасці суд абавязаў Савет дэпутатаў выканаць тое, што яны і так абавязаны былі зрабіць яшчэ ў 2008 годзе пасля выхаду новага закона аб СМІ.

Але чамусьці менавіта наша прадпрыемства павінна было гэта аплаціць і панесці выдаткі на разгляд справы (дзяржаўная пошліна, друк дакументаў, транспартныя выдаткі, затрачаны час і г. д.).

Галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” не выключае, што зроблена гэта наўмысна, бо падобная справа разглядалася ўпершыню і, магчыма, зараз з’явілася яшчэ адна крыніца папаўнення казны, калі і іншыя выданні пойдуць у суд і будуць плаціць, каб райсаветы ці райвыканкамы распрацоўвалі палажэнні аб акрэдытацыі.

Пётр Гузаеўскі адзначыў, што падчас суда старшыня Ганцавіцкага раённага савета дэпутатаў Юрый Шапель спасылаўся на рэгламент савета і казаў, што паколькі забароны наведваць іх пасяджэнні няма, то гэта, маўляў, і ёсць акрэдытацыя для журналістаў: проста трэба загадзя звяртацца. “Вось толькі экстрасэнсорнымі здольнасцямі журналісты не валодаюць, каб ведаць, калі ж дэпутаты збяруцца на сесію, каб звярнуцца загадзя”, — кажа рэдактар “Ганцавіцкага часу”.

На думку Гузаеўскага, гэтыя “гульні” мясцовай улады — маўляў, мы не забараняем журналістам наведваць мерапрыемствы, але акрэдытацыі не даем —  прымітыўныя і парушаюць заканадаўства. А тое, што няма палажэння аб акрэдытацыі і ў Ганцавіцкім райвыканкаме, паказвае недастатковы ўзровень кампетэнцый юрыдычнай службы.

— Рэгламент не рэгулюе праваадносін са СМІ, і дзіўна, што абласныя інстанцыі пакрываюць недапрацоўкі мясцовых органаў улады. Той жа Брэсцкі савет дэпутатаў рэкамендаваў Ганцавіцкаму райсавету распрацаваць палажэнне, але сам згаданага дакументу таксама не мае, — дадае Пётр Гузаеўскі.