Як паведаміў службе маніторынгу ГА "БАЖ" галоўны рэдактар “Брестской газеты” Віктар Марчук, сёлета на пачатку года спробы дамовіцца пра друк чарговага нумару засталіся беспаспяховымі.
Друкарні ў розных гарадах Беларусі адмаўляюцца ад супрацы з рэдакцыяй недзяржаўнага рэгіянальнага выдання.
Праблема ўзнікла, калі Брэсцкая друкарня адмовілася працягваць дамову з “Брестской газетой” — пасля 18 гадоў супрацоўніцтва. Прычыны гэтага рашэння кіраўніцтва друкарні не тлумачыць.
У выніку рэдакцыя “Брестской газеты” напрыканцы 2020 года звярнулася да сваіх чытачоў, каб яны анулявалі падпіску, ужо аформленую на першую палову 2021 года. Паводле Віктара Марчука, гэта вымушаны крок, бо ў рэдакцыі не было ўпэўненасці, што ў Беларусі можна хутка знайсці іншую друкарню, каб газета працягвала з’яўляцца ў папяровым варыянце.
Апошні нумар за мінулы год выйшаў 24 снежня, а 31 снежня паспелі надрукаваць ў Брэсце першы нумар газеты за 2021 год. Яго наклад паменшыўся больш чым на тысячу асобнікаў, бо ўжо не ўлічваў падпісчыкаў.
Як распавёў галоўны рэдактар “Брестской газеты”, спробы дамовіцца з іншымі друкарнямі ў Беларусі плёну не далі, а шукаць варыянты з друкам у іншых краінах (у прыватнасці, у Расіі) у рэдакцыі палічылі бессэнсоўным.
15 студзеня рэдакцыя мусіць атрымаць адказ пра магчымасць супрацоўніцтва яшчэ ад адной тыпаграфіі.
Афіцыйнага паведамлення ад рэдакцыі "Брестской газеты" ў Мінінфарм пра прыпыненне выхаду друкаванай версіі выдання пакуль не было.