283

Рэдакцыі Hrodna.life не ўдалося абскардзіць вялікі штраф за распаўсюд экстрэмісцкага кантэнту

13.07.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Віталь Кулеш, суддзя Гродзенскага абласнога суда, выдзеліў на разгляд справы каля 10 хвілін.

Паводле слоў галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты, суддзя запытаўся з чым журналіст не згодны.

"А я быў не згодны шмат з якімі момантамі: і з няправільна аформленымі дакументамі, і з тым, што насамрэч гэты штраф за тэхнічную памылку рэдакцыі", — гаворыць Шота.

У выніку суддзя Гродзенскага абласнога суда Віталь Кулеш пакінуў у сіле рашэнне Ленінскага раёна Гродна ад 18 чэрвеня 2021 года.

Нагадаем, што ў чэрвені 2021 года кампаніі «Гродна Лайф Медыя», якая валодае сайтам Hrodna.life, суд вынес штраф у 500 базавых велічынь (14 500 рублёў). Гэта максімальна магчымы штраф паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Адміністрацыйную справу ў дачыненні да кампаніі распачала мясцовая міліцыя за публікацыю фотаздымка з тэлеграм-канала, які ў Беларусі прызналі  экстрэмісцкім. Праз некалькі гадзін пасля публікацыі рэдакцыя заўважыла гэты момант і фота выдалілі.

Галоўны рэдактар сайта Аляксей Шота не прызнаў віну. Ён адзначае, што фота размясцілі памылкова і без злоснага намеру — не заўважыўшы блёклы, амаль непрыкметны лагатып забароненага тэлеграм-канала, і праз кароткі час выдалілі. Нягледзячы на ​​гэта, суд прызнаў выданне вінаватым і наклаў буйны штраф. Раней Hrodna.life аштрафавалі паводле гэтага ж артыкула на 11 600 рублёў.

Яшчэ адзін штраф у 25 базавых велічынь (725 рублёў) атрымала за гэты ж здымак рэдактар ​​спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.

Журналісты збіраюцца абскарджваць гэтае рашэнне ў вышэйшых інстанцыях. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!