419

Рэчыцкая газета апублікавала імёны і адрасы хлопцаў, што бегаюць ад войска. Юрыст: «Гэта незаконна»

20.03.2018 Крыніца: "Наша Ніва"

Рэчыцкая раённая газета «Дняпровец» апублікавала спіс хлопцаў, якія «бегаюць» ад веснавога прызыву ў ваенкамат — агулам 18 чалавек.

«Нягледзячы на інфармацыйна-прапагандысцкую работу, правядзенне тлумачальных размоў, неаднаразовыя папярэджванні, асобныя прызыўнікі не хочуць чуць пра свае абавязкі перад дзяржавай, яны ведаюць толькі пра правы. Ніякія перакананні аб неабходнасці вайсковай службы да іх не даходзяць, яны матывуюць гэта тым, што ім трэба зарабляць. Шмат што залежыць ад сям'і. Пра што казаць, калі самі бацькі пераконваюць прызыўнікоў у тым, што служыць не трэба, а работнікам ваенкамата заяўляюць, каб адчапіліся ад сына і далі яму магчымасць працаваць і глядзець сям'ю. Жыхарам Рэчыцы будзе цікава даведацца прозвішчы тых, хто спрабуе прайсці службу «завочна», — піша раёнка і дае спіс поўных імёнаў разам з адрасамі. 

Скрыншот з сайта газеты

Юрыст Сяргей Зікрацкі лічыць, што такія меры ўздзеяння на ўхілістаў незаконныя. 

«Калі разам з прозвішчам ідзе адрас, то гэта ўжо перасанальныя дадзеныя, якія складаюць таямніцу і не могуць разгалошвацца», — сказаў Зікрацкі.

Галоўны рэдактар «Дняпроўца» каментаваць сітуацыю адмовіўся, ягоная сакратарка сказала, што «гэта [тэкст] нам даслалі».