Відэа

Развітанне з Паўлам Шараметам у Мінску

24.07.2016 Крыніца: Прэс-служба БАЖ 3000
У Мінску развіталіся з журналістам Паўлам Шараметам, які трагічна загінуў ва Украіне.

На развітанне прыйшлі сотні чалавек. Плынь людзей на працягу дзвюх гадзін не спынялася.

Труна з целам Паўла Шарамета была дастаўлена з Кіева ў Мінск чартэрным рэйсам у суправаджэнні ўкраінскай дэлегацыі, у складзе якой прэс-сакратар Пятра Парашэнкі Святаслаў Цэголка. Напярэдадні ў Кіеве прайшла цырымонія развітання з журналістам.

У Беларусі людзі правялі Паўла воклічамі "Жыве Беларусь!" і апладысментамі.

На Паўночных могілках пасля невялікай цырымоніі развітання і кароткай прамовы Паўла Шарамета пахавалі побач з бацькам.

Журналіст Павел Шарамет загінуў раніцай у сераду, 20 ліпеня 2016 года, у выніку падрыву аўтамабіля. Выбух адбыўся у 7:45 раніцы, калі журналіст выехаў з дому і праехаў некалькі дзясяткаў метраў.