234

Разгром «Газеты Слонімскай»: пасля ператрусу выданне перастала выходзіць

10.11.2020 Крыніца: "Газета Слонімская"

У гэтую сераду, 11 лістапада, не пабачыў свет чарговы нумар "Газеты Слонімскай". Газета не выйдзе і ў бліжэйшыя дні. Гэта адбылося ўпершыню за 23 гады, з часу выхаду першага нумара "ГС".

У панядзелак, 9 лістапада, дома ў заснавальніка «Газеты Слонімскай» Ганны Валадашчук міліцыянеры зладзілі ператрус і забралі камп’ютары, тэлефоны, флэшкі.

Ганна Валадашчук праходзіць быццам бы сведкай у крымінальнай справе за абразу і паклёп у тэлеграм-канале ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі і яго жонкі.

Пасля ператрусу дома ў Ганны Валадашчук дзясятак міліцыянераў правялі вобшук і ў рэдакцыі газеты. Яны вынеслі камп’ютары дызайнера, журналістаў, бухгалтараў і іншых супрацоўнікаў рэдакцыі.

Магчымасці выпусціць нумар мы не маем. Хоць рыхтавалі яго на працягу тыдня. «Газета Слонімская» заўсёды стаяла на баку простых людзей.

У рэдакцыю па дапамогу звярталіся людзі, якія больш нідзе не маглі дабіцца праўды. Газета не адмаўляла ў дапамозе нікому з тых, хто быў пакрыўджаны, прыніжаны і расціснуты абставінамі. Цяпер яна па надуманых некім прычынах сама апынулася ў такім жа становішчы.

Калектыў рэдакцыі застаўся без працы і балюча перажывае тое, што здарылася. Колькі часу працягнецца гэтая сітуацыя — невядома. Просім прабачэння ў сваіх чытачоў за тое, што яны не ўбачаць у сваіх паштовых скрынях свежага нумару і не змогуць пачытаць яго.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!