НЕ - ВАЙНЕ!
267

Разгляд апеляцыйнай скаргі Мікалая Брэдзелева, прэс-сакратара мабільнага аператара А1, прызначаны на 20 студзеня

19.01.2023 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вярхоўны суд Беларусі 20 студзеня ў закрытым рэжыме будзе разглядаць апеляцыйную скаргу былога кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1, палітвязня Мікалая Брэдзелева.

Паведамленне пра пасяджэнне ёсць на сайце Вярхоўнага суда, на працэс прызначаны суддзя Андрэй Кавальчук.

У канцы кастрычніка 2022 года суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Ананіч пакарала Мікалая Брэдзелева 4 гадамі калоніі за "прадастаўленне грашовых сродкаў для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фармавання". Менавіта гэты прысуд і будзе абскарджваць абарона палітзняволенага.  

Прэс-сакратара мабільнага аператара A1 затрымалі 10 снежня 2021 года. Ад родных і сяброў стала вядома, што тады сілавікі яго моцна збілі. На праўладных каналах тады з’явілася “пакаяльнае” відэа, дзе паведамлялася, што Мікалай Брэдзелеў нібыта перадаваў інфармацыю блогеру Антону Матольку. Пры тым, што ў самой кампаніі наўпрост заявілі: супрацоўнік не меў доступу да звестак кліентаў.

Спачатку 35-гадоваму менеджару прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за “хуліганства”, а затым перавялі ў мінскае СІЗА №1. Ужо там Мікалая Брэдзелева абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання).

Працэс пачаўся толькі 29 жніўня 2022 года і ў закрытым рэжыме цягнуўся два месяцы – як вынік, падрабязнасці справы збольшага невядомыя. Вядома толькі, што артыкул пра “злоўжыванне ўладай” у выніку з абвінавачанага знялі, але для суровага пакарання хапіла і “фінансавання блогера-экстрэміста”.

Затрыманню Мікалая Брэдзелева папярэднічаў арышт ягонага сябра, пасля чаго праўладныя тэлеграм-каналы кінуліся абмяркоўваць інтымнае жыццё прэс-сакратара, а чыноўнікі агулам пачалі абвінавачваць кіраўніцтва А1 ледзь не ў наўмысным “зліве” персанальных дадзеных сілавікоў ды іншых службоўцаў, датычных да фальсіфікацый вынікаў выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў.

Стала вядома, што яшчэ да прызначэння даты разгляду апеляцыйнай скаргі на пачатку студзеня Мікалая Брэдзелева перавялі з СІЗА №1 Мінска ў СІЗА №6 Баранавічаў.

Адметна, што 27 студзеня Вярхоўны суд запланаваў гэтаксама ў закрытым рэжыме разгляд скаргі Арцёма Воўны – аднаго з топ-менеджараў іншага мабільнага аператара life:). Раней яго асудзілі да 8 гадоў калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. На працэс прызначаны суддзя Аляксей Цяцюхін.

Арцёма Воўну затрымалі ў лютым 2022 года і пачалі судзіць 27 кастрычніка. Як і ў выпадку з Мікалаем Брэдзелевым, працэс таксама адбываўся ў закрытым рэжыме.

3 лістапада 2022 года суддзя Мінскага гарадскога суда Валянціна Зянькевіч агучыла прысуд: 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле сукупнасці “злачынстваў”: ч. 1 арт. 179 КК (незаконныя збіранне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці), арт. 352 КК (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 130 КК (“распальванне сацыяльнай варожасці). “Пацярпелым” сілавікам і чыноўнікам Воўна абавязаны выплаціць агулам 13000 рублёў маральнай кампенсацыі. 

Чытайце яшчэ: 

«За 15 год не атрымаў ніводнага ўказаньня ад польскага МЗС». Вялікая размова з намесьнікам дырэктара «Белсату» Аляксеем Дзікавіцкім

КДБ атрымае неабмежаваны доступ да тэлефоннай базы абанентаў і ўсяго інтэрнэт-трафіка

Мінінфарм запускае працэс “узбуйнення рэгіянальных рэдакцый”. Што стаіць за эўфемізмам?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!