3447

Раздачу ўлётак суд палічыў “парушэннем закона аб СМІ” (АБНОЎЛЕНА)

18.11.2014 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Гродзенскую актывістку Вольгу Крапоціну аштрафавалі на 30 базавых велічыняў паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП.

Такое рашэнне прыняў 18 лістапада суд Ленінскага раёна г. Гродна.


В. Крапоціна ў судзе. Фота службы маніторынгу ГА "БАЖ"

Гродзенскую актывістку Вольгу Крапоціну затрымаў 19 верасня ў цэнтры горада чалавек у цывільным (жыхар вуліцы імя С. Баторыя Уладзімір Гарэлаў), калі яна раскладвала на машыны з расійскімі нумарамі ўлёткі з заклікам вярнуць Крым Украіне. Тады В. Крапоціну пратрымалі некалькі гадзін у РАУСе, забралі ў яе 16 улётак “на экспертызу”, а потым па месцы яе жыхарства правялі ператрус і забралі ноўтбук і дзве флэшкі.

18 лістапада суддзя Зміцер Бубенчык выслухаў двух сведак з боку міліцыі – супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС Антановіча і Бугароўскага, якія прыйшлі на дапамогу Уладзіміру Гарэлаву, каб затрымаць актывістку.

Экспертыза ўлётак, што рабілася Міністэствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, паказала, што яны “носяць масава-палітычны характар”. Гэтую інфармацыю агучыў на працэсе суддзя. Забраныя ў актывісткі камп’ютар і флэшкі ёй вярнулі.

Вольга Крапоціна заявіла службе маніторынгу ГА “БАЖ”, што збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне: “Паколькі пратакол быў складзены за парушэнне закона аб СМІ, а я асабіста ніякім СМІ не з’яўляюся, буду шукаць грошы на адваката”. Па словах Вольгі Крапоцінай, яна атрымлівае за месяц заробак, меншы за прысуджаны па гэтай справе штраф.


В. Крапоціна і У. Хільмановіч у судзе. Фота службы маніторынгу ГА "БАЖ"

Па словах гродзенскага праабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, гэтая справа – палітычна матываваная: “Я перакананы, што працэс над Воляй Крапоцінай палітычна матываваны. Асаблівасцю яго ёсць толькі тое, што тут фігуруе грамадзянін – ці то індывідуальны прадпрымальнік, ці то супрацоўнік нейкіх тайных органаў, на якога па сутнасці павінен быў складацца пратакол за гвалтоўнае затрыманне. А так – усё па звыклай схеме. Прыцягваецца заканадаўства, якое ставіцца вышэй за Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Паводле такой логікі, можна судзіць мноства людзей, якія размяшчаюць рэкламныя інфармацыйныя матэрыялы, улёткі, у тым ліку на шыбы аўтамабіляў. Але тут мы сутыкаемся з палітычным пераследам паводле поглядаў...”

Выпадак з Вольгай Крапоцінай нагадвае сітуацыю з Таццянай Сячко з Оршы, якую ў верасні г. г. аштрафавалі на 40 базавых паводле таго ж арт. 22.9 ч.2 КаАП за распаўсюд улётак пра “Народны рэферэндум”. Абскардзіць рашэнне не ўдалося, нягледзячы на наяўнасць заключэння намесніка міністра інфармацыі пра тое, што ўлёткі не з’яўляюцца СМІ.  

Даведка:

Арт. 22.9. КаАП: “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

Ч.2. арт 22.9 КаАП: “Парушэнне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, распаўсюду эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а роўна незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

Штраф – ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!