218

Разблакавалі рахункі трох беларускамоўных выдаўцоў і распаўсюднікаў

09.06.2021 Крыніца: nn.by

«Беларускі кнігазабор», «Янушкевіч» і Knihi.by сінхронна атрымалі паведамленні пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскімі рахункамі.

Фота з тэлеграм-канала выдавецтва «Янушкевіч»

Справа, якая была ўспрынятая грамадскасцю як пагром беларускамоўных культурных асяродкаў, выдыхлася. 8 чэрвеня стала вядома пра разблакаванне банкаўскіх рахункаў двух выдавецтваў і аднаго кнігараспаўсюдніка. Аб'ядноўвала тры гэтыя прадпрыемствы толькі адно: яны выпускалі і прадавалі беларускамоўныя кнігі, ніводзін з іх не займаўся грамадска-палітычнай прадукцыяй. Усе трое працавалі без дзяржаўных датацый.

«З сёння ў нас зноў запрацавала аплата анлайн (банкаўскай карткай і АРІП), будзе пакрысе адкрывацца паштовая дастаўка за мяжу. Банкаўскія рахункі сталі даступныя для працы, мы паспелі за сёння заплаціць друкарням у розных краінах за друк, а праваўладальнікам — за ліцэнзіі. Чакайце добрых навін!» — паведаміў учора тэлеграм-канал выдавецтва «Янушкевіч».

«146 дзён фінансавай блакады «Кнігазбор» вытрымаў! Рахункі разблакавалі. Днямі супрацоўнікі атрымаюць першы заробак у 2021!» — напісаў у фэйсбуку Генік Вінярскі, і гэты допіс сабраў сотні лайкаў і рэпостаў.

Але пры гэтым Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю дагэтуль не вярнуў кнігарні Knihi.by забраную «для праверкі» прадукцыю.

Прабачэнні за тое, што адбылося, беларускамоўным выдаўцам ніхто не прынёс, пра выплату кампенсацыі за фінансавыя страты таксама няма гаворкі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!