259

Раёнка “Бабруйскае жыццё” адмовілася друкаваць перадвыбарчую праграму бабруйскага кандыдата

07.11.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэдакцыя прапанавала кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандру Комару ўнесці праўкі ў адзін з пунктаў праграмы. Адначасова мясцовая друкарня адмовілася друкаваць улёткі.

Аляксандр Комар балатуецца па Бабруйска-Ленінскай выбарчай акрузе № 78 ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Сваю праграму ён хацеў надрукаваць у мясцовай дзяржаўнай газеце — афіцыйным друкаваным органе Бабруйскага гарвыканкама “Бабруйскае жыццё”. Але атрымаў адмову і копію пратакола пасяджэння Рэдакцыйнай рады. У пункце 5 дакумента паведамляецца: “Кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Комару А. І. рэкамендавана ўнесці змяненні ў фармулёўку ў пункце “Як гэта зрабіць?”. Азнаёміць кандыдата ў дэпутаты з рашэннем Рэдакцыйнай рады. У выпадку нязгоды кандыдата з рашэннем Рэдакцыйнай рады адмовіць яму ў публікацыі перадвыбарчай праграмы ў газете “Бабруйскае жыццё””.

Спадар Комар распавёў, што выразам, які яму параілі змяніць, быў: “з Лукашэнкам у краіны няма будучыні”. Кандыдат адмовіўся, спасылаючыя на тое, што паводле Канстытуцыі, цэнзура ў сродках масавай інфармацыі не павінна дапускацца.

Адначасова бабруйчанін атрымаў адмову ад мясцовай друкарні ім. Непагодзіна друкаваць ягоныя ўлёткі. Прычына ў тым, што раптоўна перастала працаваць абсталяванне.

6 лістапада Аляксандр Комар падаў скаргу на “Бабруйскае жыццё” ў акруговую камісію.