602

Распаўсюдніка незарэгістраванай газеты “Могилевские вести” пакаралі штрафам у 1450 рублёў

25.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў Сюжэт: 23.5 КаАП

Суд Ленінскага раёна Магілёва 24 лютага пакараў штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1450 рублёў) жыхара Магілёва Дзмітрыя Шашкова.

Суддзя Аксана Ратнікава палічыла Шашкова вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ (распаўсюд друкаванай прадукцыі ў колькасці больш за 299 асобнікаў без дзяржаўнай рэгістрацыі). Дзмітрый Шашкоў вёз на сваім аўтамабілі 4000 асобнікаў незарэгістраванай газеты “Могилевские вести” і быў затрыманы.

Падчас разгляду справы ў судзе Шашкоў сваю віну прызнаў.

Згодна пастановы суддзі Ратнікавай, адзін асобнік нумара “Могилевских вестей” будзе захоўвацца ў матэрыялах справы, 3999 экзэмпляраў будуць знішчаныя.

Дзмітрыя Шашкова затрымалі 11 лютага, калі ён перавозіў на сваім аўтамабілі незарэгістраваную газету “Могилевские вести”, нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Паводле гэтага артыкула яго пакаралі арыштам на 10 сутак. Акрамя таго, на Шашкова склалі пратакол паводле арт. 22.9 КаАП.

Нагадаем, 8 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў штрафам у памеры 1015 рублёў магілёўца Алега Пахылага (Олега Похылого) за распаўсюд незарэгістраванай прадукцыі СМІ. Суддзя Алена Літвіна палічыла, што Алег Пахылы парушыў ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Пахылага 5 студзеня, калі ён вёз на сваім аўтамабілі 2000 асобнікаў самвыдатаўскай газеты “Могилевские вести”.

Таксама напачатку лютага з’явілася інфармацыя, што магілёўскія праваахоўнікі затрымалі восем чалавек за незаконны выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі.

Згодна інфармацыі магілёўскай міліцыі, у дачыненні да ўсіх затрыманых былі складзеныя пратаколы, некаторых з іх ужо прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў у памеры 1160 і 1450 рублёў, астатнія чакаюць рашэння суда. На адабраную ў іх маёмасць  накладзены арышт да выплаты штрафаў.

Адна з жанчын, якая раней была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці з выплатай штрафу за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, цяпер затрыманая па падазрэнні ў дачыненні да вырабу і размяшчэння на пуцеправодах “цынічна падпісаных лялек з асобамі чыноўнікаў”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!