617

Распаўсюдніка незалежнай прэсы спрабуюць пазбавіць “працоўнага месца”

21.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Барыс Хамайда, віцебскі распаўсюднік беларускіх газет, часопісаў і кніг быў уражаны, як за адну ноч змянілася ягонае “працоўнае месца” — тэрыторыя каля ўваходу ў краму гандлёвай сеткі “Веста” ў так званым “сінім доме” на вуліцы Леніна.

Каля ўваходу ўсталяваны пандус, і з яго зрэзалі парэнчы. Таксама зніклі парэнчы на ганках крамы, кажа спадар Хамайда:

“Пару тыдняў таму да мяне падыходзіла жанчына, назвалася дырэктаркай крамы і заявіла, што забараняе мне прымацоўваць да парэнчаў маю “вітрыну” — паштоўкі, сцяжкі, бел-чырвона-белыя стужкі. Бо інакш, маўляў, “будуць праблемы”. Я не стаў спрачацца, знайшоў дзве высокія рэйкі, і цяпер мацую ўсё да іх. Таму парэнчы, уласна кажучы, мне без патрэбы. Але ж у іх укладзены немалыя сродкі! Хіба грошай не шкада таму, хто гэта зрабіў?”

Парэнчы зніклі менш як за суткі: учора каля 12-й спадара Хамайду затрымалі  міліцыянты і завезлі ў Чыгуначны РАУС, а сёння а 10-й раніцы іх ужо не было.

Дарэчы, парэнчаў на гэтым месцы ўвогуле не было да снежня 2015 года.  Іх прыладкавалі гэтак жа нечакана, як цяпер зрэзалі. Тады ж зрабілі і пандус, змусіўшы Барыса Хамайду пасунуцца ад сцяны на ходнік. Агледзеўшыся, распаўсюднік заўважыў, што пандус зроблены “для адчэпкі”, бо ніводзін інвалід-вазочнік ім не скарыстаецца: праезд да дзвярэй усё адно загароджаны апорай ліхтара. Цяпер пандус стаў небяспечны для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі — вазок з яго можа проста саскочыць.  

Барыс Хамайда адзначае, што гэтая не першая спроба выжыць яго з “працоўнага месца”, і што сыходзіць адсюль ён не збіраецца ў любым выпадку. Бо тэрыторыя каля “сіняга дома” ўжо даўно вядомая ў горадзе як выспа вольнага слова, дзе можна знайсці беларускія кнігі і газеты. А таксама паразмаўляць пра палітыку з чалавекам, які мае ў ёй вялікі ўласны досвед, бо 70-гадовы Барыс Хамайда — найстарэйшы апазіцыйны актывіст Віцебска.