1039

Распаўсюдніцу “Витебского вестника” аштрафавалі паводле арт. 22.9 КаАП

11.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Справу Таццяны Юхо, якую міліцынты затрымлівалі  за распаўсюд незарэгістраванага дайджэста “Витебский вестник”, 10 лютага разгледзеў суд Чыгуначнага раёна Віцебска. У выніку суддзя Алена Цыганкова прызнала жанчыну вінаватай у парушэнні заканадаўства аб СМІ і прызначыла штраф памерам 30 базавых велічынь (870 рублёў).

Паводле спадарыні Таццяны, падчас затрымання міліцыянты патлумачылі, што ім паступіў сігнал пра распаўсюд матэрыялаў з негатыўнай інфармацыяй пра супрацоўнікаў міліцыі і АМАП.

— Нічога падобнага не было. Я не адмаўляю, што раскладала па паштовых скрынях нумары “Витебского вестника”, але матэрыялы, якія там публікуюцца, не ўтрымліваюць ніякай экстрэмісцкай альбо паклёпніцкай інфармацыі, — кажа Таццяна Юхо.

Пасля затрымання 6 лютага міліцыянты правялі ў яе дома ператрус: забралі 500 асобнікаў дайджэста, камп’ютар, мабільны тэлефон, шэсць гіпсавых выяў герба Віцебска, а таксама чырвоныя і белыя паветраныя шарыкі, якія знайшлі ў шафе. Маёмасць была забраная як заклад да выплаты штрафу, але Таццяна Юхо мае намер аспрэчыць рашэнне суддзі.

Падтрымаць распаўсюдніцу дайджэста ў судзе прыйшлі чытачы гэтага выдання, у тым ліку некалькі пенсіянераў. Бо “Витебский вестник” адрасаваны найперш той узроставай катэгорыі грамадзян, якія прызвычаіліся атрымліваць інфармацыю з друкаваных носьбітаў.

“Витебский вестник” — незарэгістраванае ў Мінінфармацыі друкаванае выданне, якое збірае грамадска важныя навіны з незалежных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!