886

Распачынаецца прыём заявак на конкурс па стварэнні арт-аб’екта “Прыпынак Адамовіча”

19.04.2018 Крыніца: Марына Маўчанава

Бабруйскія актывісты прапаноўваюць пераўтварыць прыпынак грамадскага транспарту ў роднай вёсцы пісьменніка Алеся Адамовіча ў тэматычны арт-аб’ект. Гэта мусіць прыцягнуць увагу да будучых музея і сквера, дзе будзе ўсталяваны бюст пісьменніка.

Ідэю “прыпынка Алеся Адамовіча” ўпершыню агучыў  бабруйчанін Андрусь Архіпенка на занятках магілёўскай Школы гарадскіх ініцыятыў “Цяпліца”. Школа, а таксама тайм-клуб “1387” падтрымалі хлопца, далучыліся і іншыя неабыякавыя бабруйчане. Так утварылася ініцыятыва па стварэнні турыстычнай кропкі “Прыпынак Адамовіча”.

Сябры ініцыятывы мяркуюць, што такім чынам можна будзе прыцягнуць увагу як жыхароў вёскі, так і гасцей і тых, хто проста едзе міма па трасе, да асобы Алеся Адамовіча, да пакінутай ім спадчыны.

Аўтобусны прыпынак знаходзіцца каля ажыўленай трасы Бабруйск – Глуск – Слуцк. Яркі прывабны арт-аб’ект будзе добра бачны тым, хто будзе праязджаць праз Глушу. Нехта абавязкова затрымаецца, і даведаецца, што тут жыў Алесь Адамовіч.

2018 год — Год малой Радзімы ў Беларусі. Бабруйчане хочуць паспрыяць развіццю малой радзімы Алеся Адамовіча.

Каб ідэя рэалізавалася, патрэбны цікавы праект пераўтварэння звычайнага аўтобуснага прыпынку ў арт-аб’ект, прысвечаны пісьменніку. Таму сумесна з аддзелам ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама ініцыятыва абвяшчае конкурс такіх праектаў.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе зацікаўленыя, але найперш — навучэнцы мастацкіх навучальных установаў, дызайнеры, архітэктары.

Конкурс распачынаецца 23 красавіка.  Дасылаць працы можна да 23 траўня ўключна.

Задачы для ўдзельнікаў конкурса

Распрацаваць эскізны праект прыпыначнага пункта "Прыпынак Адамовіча" (далей — П. П.) з абавязковай архітэктурнай прывязкай да прапанаванага месца размяшчэння, што ўключае:

- распрацоўку канструкцыі прыпыначнага пункта (у выпадку, калі мяркуецца будаўніцтва П. П. ці яго значная перабудова) з пералікам будаўнічых матэрыялаў, з якіх будзе стварацца П. П., і якімі будзе аздабляцца (фарбы, дэкаратыўныя элементы, і таму падобнае);

- вызначэнне памеру П. П. (у выпадку, калі мяркуецца будаўніцтва ці значная мадэрнізацыя);

- стварэнне эскіза;

- вызначэнне прыкладнага каштарысу на будаўніцтва ці аздабленне П. П.

Праект прыпынка павінен суправаджацца дэманстрацыйнымі матэрыяламі: візуальным эскізам і тэкставым апісаннем.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць заяўку (ідэю, праект) на адрас: adamovich.konkurs@gmail.com да 23 траўня 2018 года.

Разгляд заявак і вызначэнне пераможцаў — да 31 траўня.

Кантактны тэлефон: +375291238873, Андрусь Архіпенка.

Таксама ўся інфармацыя пра конкурс ёсць на сайце: адамовіч.бел і ў сацсетках: Facebook.com , Vk.com .

Цяпер дапрацоўваецца макет будучага бюста Алеся Адамовіча. У падтрымку гэтай скульптуры Андрусь Архіпенка ў  пачатку года сабраў больш за 600 подпісаў, Міністэрства культуры ўзгадніла ўсталяванне помніка пісьменніку.