453

Рашэнне Докшыцкага суда пра спыненне справы журналіста Змітра Лупача апратэставанае

07.06.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

На падставе скаргі начальніка Докшыцкага РАУС Сяргея Каралевіча і апратэставання рашэння Докшыцкага раённага суда в. а. пракурора Надзеі Міцько адміністрацыйную справу журналіста-фрылансера Змітра Лупача будзе разглядаць Віцебскі абласны суд. Разгляд мае адбыцца 9 чэрвеня аб 11 гадзіне.

Як напісана ў пісьмовым паведамленні, якое атрымаў глыбоцкі журналіст, няяўка яго ў суд не з’яўляецца перашкодай для разгляду справы.

Журналіст не намераны ехаць на разгляд справы ў Віцебск, кажа, што не бачыць у гэтым сэнсу: прысуд усё адно будзе вынесены не на яго карысць.  Як зазначае Зміцер Лупач, пасля неспадзяванай пастановы суда ў Докшыцах, ён не выключаў магчымасці, што пракурор апратэстуе гэтае рашэнне. Так і адбылося.

Нагадаем, 18 траўня суддзя Докшыцкага суда Дзяніс Корсак спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача за недаказанасцю віны. Журналіста вінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і хацелі прыцягнуць да адказнасці паводле артыкула 23.5 КаАП  (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пратакол на яго склаў маёр міліцыі Докшыцкага  РАУС Андрэй Юргель. Падставай для адміністрацыйнай справы стаў фельетон на YouTube-канале “Белсата” пад назвай “Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!