1498

Расейскі тэлеканал паказаў падробленае фота амбасадара ЗША на мітынгу апазыцыі

22.09.2015 Крыніца: Радыё "Свабода"

Расейскі тэлеканал REN TV праілюстраваў нататку аб нядзельным мітынгу ў Маскве змантажаваным фота амэрыканскага амбасадара ў Расеі. На ім Джон Тэфт нібыта выступае перад журналістамі 20 верасьня.

Выява Тэфта ў асяродзьдзі карэспандэнтаў была ўзятая зь лютаўскага здымка, зробленага падчас наведваньня паслом месца забойства Барыса Нямцова.

Амбасада ЗША ў Расеі паведаміла, што Тэфт правёў нядзелю дома:

Карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі публікаваць свае вэрсіі адфаташопленых малюнкаў з Тэфтам пад твітам амбасады і зыходным твітам REN TV.

Прадстаўнікі REN TV адмовіліся ад камэнтароў.

У матэрыяле на сайце тэлеканала сказана, што «ў сацсетках зьявіліся фотаздымкі дыплямата на гэтым мерапрыемстве», а крыніцай здымка ўказаны Twitter. Акрамя таго, указана, што «невядома, гэта рэальныя здымкі або банальны фотамантаж.»

У кэшы Google даступная таксама іншая вэрсія нататкі з сайту REN TV (дата і час публікацыі супадаюць). Яна моцна адрозьніваецца ад цяперашняга варыянту — у прыватнасьці, адсутнічаюць папярэджаньні аб магчымай падробцы фатаграфіі.

Мітынг «За зьмяняльнасьць улады» прайшоў у нядзелю, 20 верасьня, у маскоўскім Мар’іне. Паводле розных ацэнак, ён сабраў ад 4 да 10 тыс. удзельнікаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!