НЕ - ВАЙНЕ!
409

Радыё Свабода адкрывае офісы ў Вільні і Рызе

17.03.2022 Крыніца: Радыё Свабода

У гэтых офісах разьмесьцяцца каманды расейскай і беларускай службаў RFE/RL і кругласутачнай глябальнай лічбавай і тэлевізійнай сеткі «Настоящее время».

Таксама бюро ў Вільні і Рызе стануць базай для новых праектаў журналісцкіх расьсьледаваньняў і цэнтраў лічбавых інавацый.

Прэзыдэнт РСЭ/РС Джэймі Флай сказаў з нагоды адкрыцьця новых бюро:

«Гэтыя новыя бюро дазволяць РСЭ/РС працягваць узаемадзейнічаць з нашай аўдыторыяй у Расеі і Беларусі, нягледзячы на ўсе намаганьні гэтых урадаў прымусіць замаўчаць незалежную журналістыку. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода пашырыць свае ўжо пасьпяховыя намаганьні па данясеньні да расейскай і беларускай аўдыторыі актуальных навін, якія яны шукаюць і ў якіх маюць патрэбу. Мы ўдзячныя ўрадам Латвіі і Літвы за іх прыхільнасьць да свабоды прэсы і падтрымку ўразьлівых журналістаў, якім давялося шукаць прытулку за межамі сваіх краін».

У Рызе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода плянуе стварыць мультымэдыйны цэнтар, у якім будуць разьмяшчацца супрацоўнікі Расейскай службы і «Настоящего времени», перамешчаныя з Расеі. У латвійскай сталіцы таксама разьмесьціцца новае расейскамоўнае падразьдзяленьне журналісцкіх расьсьледаваньняў і цэнтар лічбавых інавацый, прызначаны супрацьдзейнічаць дэзынфармацыі і распрацоўваць стратэгіі абыходу онлайн-цэнзуры на розных плятформах дастаўкі.

Віленскае бюро навін у першую чаргу прыме звольненых журналістаў Беларускай службы, вымушаных уцякаць з радзімы пасьля фальсыфікаваных выбараў 2020 году, а таксама новую групу рэпартэраў, створаную «Настоящим временем» дзеля задавальненьня патрэб расейскамоўнай аўдыторыі сеткі ў Беларусі.

Уплыў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на працягу першых двух тыдняў вайны Расеі з Украінай дэманструе жаданьне Расеі і Беларусі атрымаць непадцэнзурную альтэрнатыву крамлёўскім СМІ, каб ведаць пра поўны маштаб канфлікту.

З 24 лютага па 16 сакавіка колькасьць праглядаў відэа РСЭ/РС на YouTube з Расеі павялічылася ў тры разы і дасягнула амаль 238 мільёнаў, а колькасьць наведваньняў, праглядаў старонак і ўнікальных наведвальнікаў яго вэб-сайтаў з Расеі вырасла на 34 працэнты, 51 працэнт і 53 працэнты адпаведна.

Што тычыцца Беларусі, то колькасьць праглядаў відэа РСЭ/РС праз YouTube унутры краіны павялічылася ў чатыры разы (да 22,4 млн). Колькасьць наведваньняў (158%), праглядаў старонак (148%) і ўнікальных наведвальнікаў (110%) зь Беларусі на сайтах РСЭ/РС таксама рэзка павялічылася.

РСЭ/РС глыбока ўдзячная ўрадам Латвіі і Літвы за падтрымку місіі РСЭ/РС і стварэньне гэтых новых бюро.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!