НЕ - ВАЙНЕ!
732

Рада БАЖ просіць не выдаваць Туркменістану Чары Аннамырадава

14.09.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ад імя Рады грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" было адпраўленае хадайніцтва Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь з просьбай адмовіць у выдачы Туркменістану журналіста Чары Аннамырадава.

Нагадаем, што Беларусь можа выслаць у Туркменістан журналіста, які зведаў там катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Зварот з патрабаваннем не дапусціць гэтага размешчаны на сайце Zvarot.by з заклікам да калегаў далучыцца да яго.

У сваім ходатайтсве Рада БАЖ адзначае:

"Рэспубліка Беларусь мае абавязальніцтва выдачы асобаў, якія вышукваюцца дзяржавамі — удзельнікамі Канвенцыі СНД аб прававой дапамозе і прававых стасунках па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах 1993 года. Але па сваім унутраным заканадаўстве Беларусь адмаўляе ў выдачы, калі мэтай просьбы  аб выдачы з'яўляюцца крымінальны пераслед ці пакаранне з прычыны палітычных перакананняў. Таксама Беларусь мае міжнародныя абавязальніцтвы па Канвенцыі аб статусе ўцекачоў — не вяртаць уцекачоў у краіну, дзе іх жыццю альбо свабодзе пагражае небяспека з прычыны іх палітычных перакананняў, і па Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці зневажаючых годнасць відаў стаўлення і пакарання — не выдаваць любую асобу ў дзяржаву, дзе для яе існуе пагроза падвергнуцца катаванням. Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб статусе ўцекачоў 4 траўня 2001 г.  Канвенцыя супраць катаванняў ратыфікаваная 29 студзеня 1987 г.

Улічваючы акалічнасці, пры якіх Чары Аннамырадаў быў вымушаны збегчы ў 2000 годзе з Туркменістана, ёсць усе падставы лічыць, што ў выпадку вяртання ў Туркменістан ён будзе падвергнуты катаванням, жорсткаму стаўленню, пераследу па палітычных матывах як журналіст, які выкрываў палітыку ўладаў Туркменістана. Пры гэтым Аннамырадаў не можа разлічваць на тое, што пры крымінальным пераследзе будуць выконвацца ягоныя правы на справядлівы судовы разгляд".

У сувязі з гэтым Рада ГА "БАЖ" звяртаецца да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з просьбай адмовіць у выдачы Чары Аннамырадава Туркменістану.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!