2170

Пяты адміністрацыйны пратакол супраць журналістаў за працу на “Белсат”

14.01.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Незалежных журналістаў з Гомеля Аркадзя Малыша і Кастуся Жукоўскага будуць судзіць за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ 20 студзеня ў Карме.

Пра гэта Аркадзь Малыш даведаўся з смс-паведамлення суда Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Аналагічны выклік на 20 студзеня атрымаў і Кастусь Жукоўскі.

Нагадаем, што 22 снежня мінулага года незалежных журналістаў Кастуся Жукоўскага і Аркадзя Малыша ў райцэнтры Карма затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі.

Затрыманне адбылося падчас падрыхтоўкі журналістамі сюжэта пра праблемы з водазабеспячэннем у горадзе. Пасля гэтага для складання пратакола ў Кармянскі РАУС выклікалі Кастуся Жукоўскага, супраць якога быў складзены ўжо трэці за сёлета адміністрацыйны пратакол.

Аркадзя Малыша ў міліцыю не выклікалі, аднак цяпер выклікаюць наўпрост у суд. Абодвух журналістаў вінавацяць у парушэнні парадку вырабу прадукцыі СМІ (працу без акрэдытацыі на замежнае выданне) па арт. 22.9 КаАП.

Агулам па Беларусі гэта ўжо пятае падобнае абвінавачанне сёлета. 13 студзеня суд Гомельскага раёна аштрафаваў за супрацу з “Белсатам” незалежную журналістку Ларысу Шчыракову, а першую з трох спраў супраць Кастуся Жукоўскага разглядалі ў чацвер у Калінкавічах. Вынік слуханняў, між тым, невядомы, бо сам журналіст у Калінкавічы не паехаў, а супрацоўнікі суда паведаміць пра рашэнне па тэлефоне адмовіліся.

ГА “БАЖ” звярнулася ў Адміністрацыю Прэзідэнта з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў

Абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (Табліцы, абнаўляецца)