4160

Пяць гадоў таму загінуў журналіст Алег Бябенін

03.09.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Алега Бябеніна знайшлі павешаным 3 верасня 2010 года на лецышчы пад Мінскам, – нагадвае рэсурс сharter97.org, заснавальнікам і галоўным рэдактарам якога быў журналіст.

Праверку абставін смерці праводзіла пракуратура Мінскай вобласці. Следчыя заявілі, што на целе журналіста не было знойдзена ніякіх слядоў гвалту. Перадсмяротнай запіскі выяўлена не было. Тэрмін праверкі некалькі разоў працягвалі, але ў выніку ўзбуджаць крымінальную справу па факце смерці адмовіліся, спыніўшыся на версіі самагубства.

Запрошаныя эксперты АБСЕ пагадзіліся з афіцыйнай версіяй, аднак падкрэслілі, што не мелі паўнамоцтваў праводзіць уласнага расследавання, а толькі пераглядалі матэрыялы расследавання беларускіх уладаў. Эксгумацыі цела Алега Бябеніна не праводзілася.

Многія калегі і сябры Бябеніна з версіяй самагубства катэгарычна не згодныя. Тыя з іх, хто быў на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Журналісты падкрэсліваюць, што Бябенін уваходзіў у каманду аднаго з канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах 19 снежня — лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Некалькі журналістаў, якія публічна выказвалі сумневы ў афіцыйнай версіі, атрымалі пагрозы.

У 2012 годзе, напярэдадні Сусветнага дня за спыненне беспакаранасці злачынстваў супраць журналістаў ГА “БАЖ” даслала старшыню Следчага Камітэта РБ Валянціну Шаеву афіцыйны ліст, патрабуючы аднаўлення расследавання крымінальных справаў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай, а таксама дадатковага празрыстага расследвання абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава. Следчы камітэт напісаў, што гэта па-за яго кампетэнцыяй, бо рашэнні па іх справах прымаліся да 1 студзеня 2012 г.

Годам раней арганізацыя дасылала аналагічны зварот у Генпракуратуру і МУС. Пракуратура адказала праз 2 дні, што «…па двух выкладзеных Вамі ў звароце фактах расследаваны крымінальныя справы, а па двух — праведзены праверкі з прыняццем рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы», і што «пра працэсуальныя рашэнні... удзельнікі крымінальнага працэсу праінфармаваныя ва ўстаноўленым законам парадку». МУС адказала, што «аднаўленне расследавання згаданых БАЖ крымінальных спраў і правядзенне дадатковых праверак знаходзіцца ў кампетэнцыі Генеральнай пракуратуры».

«Пасля змены ўлады мы абавязкова даведаемся праўду пра тое, як памёр наш калега. Крымінальня справа па трагічнай гібелі Алега Бябеніна будзе абавязкова ўзбуджаная, і яе будуць расследаваць найлепшыя беларускія крыміналісты», – перакананыя паплечнікі журналіста.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!