759

Птушкі вакол нас: як, дзе і каго назіраць, або ўводзіны ў birdwatch

03.10.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Такую назву мела сустрэча з  актывістам Гарадзенскага аддзялення “Ахова птушак Бацькаўшчыны”; і рэдактарам сайту “Птушкі штодня” Дзмітрыем Вінчэўскім.

Назіранне за птушкамі ці birdwatch — адна са спраў, якой займаюцца актывісты ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

"Назаранне за птушкамі — гэта элітарнае хобі, якім у Беларусі сур'ёзна займаюцца каля 100 чалавек: прысвячаюць час, грошы, здяйсняюць пастаянныя паездкі. Напрыклад у Велікабрытаніі такіх людзей — каля мільёна, а, паводле апытанняў, у Злучаных Штатах — гэта кожны чацьвёрты жыхар краіны. Нам яшчэ ёсць куды расці і я спадзяюся ў нас атрымаецца", — гаворыць рэдактар сайту “Птушкі штодня” Дзмітрый Вінчэўскі.

Birdwatch альбо назіранне за птушкамі — гэта прафесійнае хобі накшталт аматарскіх назіранняў астраноміі, калі звычайныя людзі адкрываюць даволі шмат. Гэта магчымасць далучыцца да навукі і заадно падняць свой узровень ведаў.

У гэтыя выходныя праходзілі Панеўрапейскія дні назіранняў за птушкамі. У Беларусі АПБ арганізавала 48 мерапрыемстваў, у якіх удзельнічалі 2 044 асобы. Усе разам назіральнікі адзначылі амаль 40 тысяч птушак. Прычым самымі масавымі аказаліся качка-крыжанка, грак і шызы голуб. Зусім нетрадыцынай былі вынікі на Гродзеншчыне, дзе ў пойме Свіслачы і Нёмана вакол вусця першай ракі назіралі амаль 3 тысячы птушак каля 40 відаў. Першай па колькасці аказалася лыска (2 тысячы птушак), потым палявыя жаўрукі (150), якія групкамі ляцелі і нават часам спявалі ўвесь час назіранняў, а на трэцім месцы па колькасці апынуліся качкі-крыжанкі (143 асобіны). Самымі цікавымі назіраннямі можна лічыць больш за сотню вясковых ластавак і 2 асобіны нырка-плёсаўкі.

Цікава, што ў нашых суседзяў першыя тройкі самых масавых відаў выглядаюць наступным чынам: берасцянка, сіняя і вялікая сініцы (Літва); звычайны шпак, сініца-апалоўнік і шэры журавель (Латвія); звычайны шпак, качка-крыжанка і шэрая гусь (Польшча); звычайны шпак, палявы і дамовы вераб’і (Украіна), паведамляе сайт “Птушкі штодня”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!