403

“Прызнайся ва ўсім і пойдзеш дамоў”. У карэспандэнта “Бобруйского курьера” прайшоў ператрус

23.01.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

З самай раніцы 22 студзеня ў дзверы кватэры карэспандэнта бабруйскай незалежнай анлайн-газеты “Бобруйский курьер”, сябра ГА “БАЖ” Віктара Качана пазванілі міліцыянты — прыйшлі з вобшукам у межах крымінальнай справы. Паводле журналіста, ён так і не зразумеў да канца, што за справа — ці за абразу, ці за пагрозы на адрас супрацоўнікаў міліцыі. У Віктара забралі камп’ютарную тэхніку, тэлефоны і павезлі апытваць — спачатку ў міліцыю, а потым у Следчы камітэт.

Захад, дэмакратыя, незалежная прэса — усё зло

Візіт супрацоўнікаў міліцыі для Віктара Качана стаў нечаканасцю. Журналіст кажа, што ні ў якіх акцыях і ініцыятывах не ўдзельнічаў, тым больш, нікога не абражаў, не пагражаў, а проста рабіў сваю працу — пісаў тэксты для “Бобруйского курьера”. Таму да затрымання не быў гатовы.

“Яны прыйшлі а 7-й раніцы, пазванілі ў дзверы, я адчыніў. Міліцыянты паказалі мне пастанову на вобшук, — распавядае Віктар. — Сказалі, што заведзеная крымінальная справа ці то за абразу, ці то за пагрозы на адрас супрацоўнікаў міліцыі ў Telegram-канале “Каратели Беларуси”. Якое я маю да гэтага дачыненне,  не растлумачылі”.

У выніку дзвюхгадзіннага ператрусу ў Віктара Качана забралі камп’ютар, тэлефон, старыя нататнікі. Самога карэспандэнта спачатку адвезлі ў УУС Бабруйскага гарвыканкама. Там, па словах Віктара, ён проста прасядзеў каля чатырох гадзін у кампаніі міліцыянта, а потым яго павялі ў кабінет да супрацоўніка крымінальнагу вышуку.

“Там пачалася “палітыка партыі”, — распавёў аўтар “Бобруйского курьера”. — Мне пачалі казаць, што Захад, дэмакратыя, незалежныя медыя — гэта ўсё зло, а яшчэ што рэвалюцыя скончылася, маўляў, сядзі ціха, нікуды не лезь”.

 “Я рабіў сваю працу карэспандэнта — у чым прызнавацца?”

Паводле слоў Віктара, яму далі зразумець, што даўно праслухоўваюць ягоныя тэлефонныя размовы. Супрацоўнік, які праводзіў апытанне, цытаваў фразы журналіста, якія ён казаў толькі ў размовах па тэлефоне.

“Потым ён стаў казаць: мы ўсё пра цябе ведаем, прызнайся ва ўсім, распавядзі, хто, дзе, што, і спакойна пойдзеш дамоў, — распавядае далей Віктар. — Я на гэта запытаўся: “А ў чым прызнавацца? Я ні ў чым ніколі не ўдзельнічаў, ні ў якай палітыцы, проста рабіў сваю працу карэспандэнта”.

З УУС Качана павезлі ў Следчы камітэт. Там следчая патлумачыла, што Віктар не падазраваны, а сведка. У межах якой справы, журналіст так і не зразумеў. Яго апытвалі, на якія Telegram-каналы ён падпісаны, якімі месенджарамі і дадаткамі карыстаецца. Следчая папярэдзіла Віктара, што яго могуць выклікаць яшчэ, і адпусціла дамоў. Камп’ютар і тэлефоны не вярнулі.

У пятніцу 22 студзеня ў Бабруйску затрымалі як мінімум 13 чалавек. Сярод іх Віктар Качан — адзіны журналіст. Таксама ён адзіны, каго адпусцілі. Астатнія знаходзяцца ў ІЧУ да судоў, якія мусяць прайсці ў панядзелак 25 студзеня. Некаторых затрымалі ў межах крымінальных спраў, калі іх вызваляць, пакуль невядома.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!