252

Прызначана дата суда над журналістам Сяргеем Гардзіевічам

14.06.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

Стала вядома, што працэс над карэспандэнтам інтэрнэт–партала “Першы рэгіён”  (1reg.by), якога абвінавачваюць у тым ліку “у абразе прэзідэнта Беларусі”,  пачнецца 24 чэрвеня ў судзе Іванаўскага раёна.

Судзіць Сяргея Гардзіевіча будуць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 188 (паклёп), арт. 368 частка 1 (публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Працэс адкрыты.

Сутнасць абвінавачванняў палягае ў тым, што Сяргей Гардзіевіч нібыта распаўсюджваў абразлівыя каментары ў адным з мясцовых вайбер-чатаў. Хто насамрэч апублікаваў допіс і ці быў ён у рэчаіснасці (а таксама ці з’яўляўся абразлівым) будзе разбірацца суд. Сам журналіст віну не прызнае, а таксама адмаўляецца даваць якія-небудзь паказанні супраць сябе.

Сяргея Гардзіевіча затрымалі супрацоўнікі АМАП напрыканцы снежня мінулага года па дарозе ў Брэст. Некаторы час журналіст правёў у ізалятары, а пасля яго перавялі пад хатні арышт у Драгічыне.

За гэты час у кватэры Сяргея Гардзіевіча тройчы адбываўся ператрус. Падчас апошняга (у лютым 2021 года) з хаты забралі нават мадэм, які належыць прадпрыемству “Белтэлекам”. Якое дачыненне можа мець да справы мадэм, які не захоўвае ніякай інфармацыі, не зразумела.

На пачатку траўня карэспандэнту “Першага рэгіёна” змянілі меру стрымання пад падпіску аб нявыездзе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!