349

«Прыйшлося прымаць супакаяльныя прэпараты»: мужчыну дали два гады хатняй хіміі за абразу Вольгі Чамаданавай

26.01.2021 Крыніца: "Наша Ніва"

Суд Цэнтральнага раёна Мінска сёння асудзіў 43-гадовага Дзмітрыя Ушацкага да двух гадоў хатняй хіміі паводле арт. 369 КК за абразу ў тэлеграм-чаце прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.

На суд з'явілася сама пацярпелая і тлумачыла, якія маральныя пакуты ёй былі прычыненыя абразай абвінавачанага ў адным з тэлеграм-чатаў, якія яна ацаніла ў 5000 рублёў, паведамляюць праваабаронцы.

Сам каментар у судзе агучаны не быў, але вядома, што ён быў «у непрыстойнай грубай нецэнзурнай форме».

У якасці сведкі ў судзе была дапытаная афіцыйная прадстаўніца ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч.

На судзе Дзмітрый прызнаў віну цалкам, раскаяўся і папрасіў прабачэнне ў Вольгі Чамаданавай у зале суда:

«Мэты абразы Вольгі Чамаданавай у мяне не было. У мяне былі эмоцыі і не зусім адэкватны стан [пакусалі пчолы]. Я не хацеў яе абразіць, не думаў, што яна прачытае паведамленне ў гэтай групе. Калі я пісаў гэты каментар, я не меркаваў, што афіцыйная асоба МУС будзе карыстацца такой групай.

Я прызнаю сваю віну ў тым, што я размясціў такі каментар і што ў ім утрымліваліся абразлівыя словы ў адрас Чамаданавай, што я зрабіў паведамленне ў публічнай сетцы, да якой можа мець доступ любы карыстальнік тэлеграма».

На судовым працэсе Дзмітрый распавёў, што «мог быць падпісаны на гэты тэлеграм-чат, але не з'яўляўся пастаянным падпісчыкам, не цікавіўся дзейнасцю групы». Зыходзячы з матэрыялаў справы, Ушацкі пакінуў абразлівы каментар.

Вольга Чамаданава на судзе распавяла, што ўбачыла каментар раніцай 18 чэрвеня. На той момант яна ведала пра існаванне гэтага тэлеграм-чата, але не была падпісаная на яго.

Аднак, як патлумачыла прэс-сакратарка, яе калегі з МУС ажыццяўляюць маніторынг інтэрнэт-прасторы.

Скрыншот паведамлення ёй даслала калега Наталля Ганусевіч — начальніца па сувязях з грамадскасцю ГУУС Мінгарвыканкама.

«Такое паведамленне я атрымала ўпершыню за перыяд маёй службы на пасадзе начальніка ўпраўлення інфармацыі [з 29 снежня 2018 года], — расказала Вольга Чамаданава. — Раней падобных паведамленняў мне ніхто не дасылаў і не перасылаў, таму для мяне, вядома, такое паведамленне выклікала не проста абразу асабіста мяне, а ў цэлым — і службы, і ведамства. Я б сказала, гэта пэўны замах на аўтарытэт праваахоўных органаў, асабліва, на мой. Абразлівым, напэўна, было больш тое, што чалавек, які пакідае такі каментар, — гэта абсалютна невядомы для мяне чалавек, і не мае права рабіць нейкія заключэнні, думкі публічна адлюстроўваць.

Гэта паведамленне прынізіла мае гонар і годнасць. Вельмі адбілася, у прынцыпе, на маёй працы працягу некаторага перыяду часу. На працягу тыдня, як мінімум, гэта дакладна адбілася…

Гэта паўплывала, у тым ліку, на мой стан здароўя. Бальнічны ліст адкрываць не трэба было, але, тым не менш, пэўны дыскамфорт, на агульны стан здароўя — гэта, сапраўды, паўплывала. Акрамя гэтага, вы разумееце, што інфармацыя размешчаная публічна становіцца здабыткам не толькі тых, хто маніторыць гэтую інфармацыю, але і шэрагу іншых людзей, якія цябе ўжо ведаюць і ў якіх пэўнае стаўленне да цябе і як да чалавека, і як да кіраўніка. Вядома, гэта такі сур'ёзны ўдар па рэпутацыі, у тым ліку».

Вольга Чамаданава заявіла грамадзянскі пазоў аб прычыненні ёй маральных пакутаў на 5000 рублёў.

«Па-першае, гэта прынесла мне і фізічны пэўны дыскамфорт. Мой стан здароўя, дзякуй богу, не запатрабаваў нейкага працяглага лячэння. Але, разам з тым, пэўныя супакаяльныя прэпараты мне давялося прымаць з-за таго, што гэта занадта паўплывала на тое, што я ўбачыла ўпершыню для сябе.

Ну і таксама, вядома, мой аўтарытэт і рэпутацыя пасля гэтага мелі таксама пэўныя страты, і гэта адбівалася на тым, што пра гэта паведамленне мне казаў не адзін чалавек, а пра гэта казалі многія», — тлумачыць свае маральныя пакуты Вольга Чамаданава ў судзе.

Абвінавачаны пазоў прызнаў часткова: гатовы пакрыць 3000 рублёў. Чамаданава прасіла пакараць абвінавачанага Ушацкага на меркаванне суда.

У судзе ў якасці сведкі была дапытаная Наталля Ганусевіч — начальніца па сувязях з грамадскасцю ГУУС Мінгарвыканкама.

Яна распавяла, што раніцай 18 чэрвеня перад працай яна, праглядаючы розныя тэлеграм-каналы, выявіла ў чаце інфармацыю, якая тычылася яе непасрэднай кіраўніцы Вольгі Чамаданавай.

«Бо яна з'яўляецца публічным чалавекам і, перш за ўсё, маім кіраўніком, я палічыла патрэбным праінфармаваць яе, каб яна ведала», — распавядае ў судзе Наталля Ганусевіч.

Як распавяла сведка, пад фатаграфіяй размяшчаўся абразлівы каментар у нецэнзурнай форме ў адрас Вольгі Чамаданавай. Яна зрабіла скрыншот і адправіла асабістым паведамленнем у телеграме сваёй начальніцы. На пытанне суддзі Акавітай, ці прыніжаў размешчаны каментар гонар і годнасць Чамаданавай, Ганусевіч адказала станоўча, дадаўшы, што яе ён таксама пакрыўдзіў. 

Падчас спрэчак пракурор выключыў з абвінавачванняў Ушацкаму «матывы палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспублікі Беларусь». Аднак сама Вольга Чамаданава заявіла, што яе меркаванне тут неадназначна, і адразу была не згодная з пракурорам, што абразлівае паведамленне абвінавачанага не звязанае з электаральнай кампаніяй:

«Усе падзеі, якія на тэлеграм-канале размяшчаліся, прынамсі, каментаваліся ад МУС так ці інакш былі звязаныя з тым самым перадвыбарным перыядам. І я скажу больш, што, напэўна, менавіта ў гэты перыяд часу да 9 жніўня такія паведамленні з пагрозамі і абразамі, якія менавіта тычацца перадвыбарнай кампаніі, паступалі шматлікія».

Аднак потым на ўдакладняючыя пытанні суддзі яна сказала, што падтрымлівае пазіцыю дзяржабвінаваўцы. Пракурор запытаў амаль самае строгае пакаранне па арт. 369 КК — 2 гады абмежавання без накіравання ва ўстановы папраўчага тыпу. Суддзя Таццяна Акавітая прызначыла менавіта такое пакаранне. Акрамя таго, суд абавязаў Ушацкага выплаціць Вользе Чамаданавай 5000 рублёў маральнай шкоды.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!