244

Прыём заявак на Прэмію Анемпадыстава за дызайн вокладкі (да 8 сакавіка)

24.02.2021 Крыніца: pen-centre.by

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца дызайнеры, якія стварылі вокладку да папяровай беларускай кнігі, што выйшла ў 2020 годзе. Адпаведнасць намінаванай кнігі панятку “беларуская” ў кожным канкрэтным выпадку вызначаецца сябрамі журы большасцю галасоў. Падрабязней з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца, прачытаўшы статут і рэгламент прэміі.  

Ацэньвацца будзе дызайн, паліграфічнае выкананне вокладкі, а таксама на ўзроўні кароткага спісу і адпаведнасць афармлення зместу кнігі. 

У склад сёлетняга журы прэміі ўвайшлі: літаратарка і архівістка Вольга Бабкова; графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі; дызайнер і каліграф Генадзь Мацур; дызайнерка Кацярына Пікірэня; мастачка Антаніна Слабодчыкава.

Каб падаць вокладку на конкурс трэба да 8 сакавіка (уключна) запоўніць форму. Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы. Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі.


Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў  і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал “Белсат”.


Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі “Віленскі покер” Рычарда Гавяліса, у 2020 годзе прэмію атрымала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі “Трое ў чоўне і пёс з імі” Джэрома К. Джэрома.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!