НЕ - ВАЙНЕ!
526

Прысуд Сяргею Сацуку — помста аднаму з лепшых беларускіх журналістаў-расследавальнікаў за прафесійную працу. Заява БАЖ

26.10.2022 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Бандарэнка пакарала рэдактара інтэрнэт-выдання “Ежедневник” 8 гадамі калоніі агульнага рэжыму па сукупнасці трох крымінальных абвінавачанняў: арт. 130 “Распальванне варожасці”, арт. 426 “Перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў”, арт. 430 “Атрыманне хабару”.

Сяргея Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года паводле ранейшай справы аб нібыта атрыманні хабару, у доме журналіста і ў рэдакцыі выдання прайшлі ператрусы, сайт выдання быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі. Яшчэ ў 2020 годзе Беларуская асацыяцыя журналістаў адназначна называла гэтую справу надуманай і скіраванай на спыненне працы аднаго з лепшых беларускіх журналістаў-расследавальнікаў.

Пасля другога арышту ўлады высунулі супраць Сяргея Сацука абвінавачанні яшчэ па двух артыкулах крымінальнага кодэкса, “знайшоўшы” ў матэрыялах журналіста “распальванне варожасці”, а ў дзеяннях Сацука як рэдактара “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў”.

Беларуская асацыяцыя журналістаў перакананая, што органы следства і суд адвольна прымянілі супраць Сацука крымінальны пераслед, імкнучыся адпомсціць журналісту за ягоныя рэзанансныя расследаванні.

БАЖ патрабуе адмены прысуду і неадкладнага вызвалення Сяргея Сацука, а таксама усіх 32 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя, якія на сёння знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!