476

“Прыпынак Алеся Адамовіча” стаў фіналістам конкурсу “Спадчына ў дзеянні”

19.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ідэю рэалізавала ініцыятыўная група, у якую ўваходзяць сябры бабруйскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Прыпынак Адамовіча — звычайны аўтобусны прыпынак у вёсцы Глуша пад Бабруйскам, які стаў арт-аб’ектам у гонар пісьменніка.

Аўтар ідэі Прыпынка — бабруйчанін Андрусь Архіпенка. Над ажыццяўленнем задумы працавалі бабруйскія БАЖаўцы: старшыня суполкі Марына Маўчанава, журналістка Алеся Лацінская, заснавальніца і дырэктарка крэатыўнай прасторы “1387” Наталля Халанская.

Прыпынак стаў першым памятным знакам у гонар Алеся Адамовіча ў Беларусі.

У 2018 годзе сябры ініцыятывы правялі конкурс эскізаў афармлення прыпынка. Найлепшыя ідэі апрацавалі і рэалізавалі мінскія мастакі Аляксандр Благій і Юлія Лазоўская. Цяпер на яшчэ нядаўна пустых сценах прыпынка ў Глушы месцяцца партрэт Адамовіча і ягонае выказванне пра родную вёску з аповесці Vixi.

У конкурсе Беларускага камітэта ICOMOS (Міжнародны савет па захванні помнікаў і памятных мясцінаў) “Спадчына ў дзеянні” “Прыпынак Алеся Адамовіча” ўдзельнічаў у намінацыі “Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны”. З 36 заявак, дасланых на гэтую намінацыю, журы выбрала шорт-ліст з 8 самых цікавых. У гэты спіс увайшоў Прыпынак.

andrus_arhipenka_i_maryna_mauchanava_na_cyrymonii_uznagarodzhannya.jpg

На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу 18 красавіка ў Мінску праект бабруйчан атрымаў дыплом фіналіста з адзнакай журы.

Цяпер бабруйская ініцыятыва працягвае працу над наступным крокам па ўшанаванні памяці пісьменніка ў Глушы — усталяваннем помніка. Яшчэ летась з дапамогай краўдфандынгу былі сабраныя грошы, выраблены макет бюста. Сёлета ўлады далі дазвол на помнік.

Плануецца, што бюст будзе адкрыты 3 верасня, у дзень народзінаў Алеся Адамовіча.

Сёлета ў студзені, да 25-годдзя са дня смерці літаратара, бабруйская суполка ГА “БАЖ” правяла вечарыну памяці, падчас якой прэзентавала адмыслова створаны мультымедыйны праект і фільм пра тое, як неабыякавыя бабруйчане імкнуцца вярнуць імя Алеся Адамовіча з забыцця. У вечарыне прыняла ўдзел дачка пісьменніка Наталля Адамовіч.

З ідэяй інтэрактыўнай экскурсіі па творчасці Адамовіча каманда цяпер удзельнічае ў конкурсе Social weekend, а таксама праводзіць конкурс буктрэйлераў па творах пісьменніка.

Алесь Адамовіч — беларускі пісьменнік, публіцыст, журналіст, грамадскі дзяяч. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года (афіцыйна дата, сапраўдная — 3 жніўня 1926 года). Дзяцінства правёў ў Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронта. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў сустаршынёй Міжнароднага фонда “Дапамога ахвярам Чарнобыля”.

Самыя вядомыя ягоныя творы “Я з вогненнай вёскі”, “Хатынская аповесць”,  “Вайна пад стрэхамі”, “Апакаліпсіс па графіку”.

Святлана Алексіевіч, Нобелеўскі лаўрэат, называла Алеся Адамовіча сваім настаўнікам.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў Глушы.