2177

Прымусовая падпіска ў Крычаве

13.12.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

“Арганізаваць падпіску на кантралюемыя перыядычныя выданні на 1 паўгоддзе 2016 года да 10 снежня 2015 г.” прадпісвае адміністрацыя ААТ “Крычаўцэменташыфер” начальнікам падраздзяленняў.

Адпаведны дакумент перадалі журналістам незалежнай газеты “Вольны горад” супрацоўнікі прадпрыемства.

Паводле распараджэння, падраздзяленні павінныя арганізаваць падпіску на наступныя газеты: 7 асобнікаў “Знамя юности”, 2 асобнікі газеты “Звязды”, 37 – “Советской Белоруссии”, 2 – “Рэспублікі”, 2 – “Народнай газеты”, 8 – “Магілёўскія ведамасці”, і 75 асобнікаў раённай газеты “Крычаўскае жыццё”.

Пад распараджэннем стаіць прозвішча намесніцы генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцэменташыфер” па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Жанны Кустрэй.

Подпісу побач з прозвішчам няма, але, па словах галоўнага рэдактара выдання Сяргея Няроўнага, папера трапіла да журналістаў “Вольнага горада” з надзейных крыніц.

Інфармацыя пра “просьбы”, “парады” і “рэкамендацыі” падпісацца на дзяржаўную прэсу паступае з розных абласцей Беларусі. Да журналістаў “Еўрарадыё” трапіў дакумент, у якім адміністрацыя Ленінскага раёна Мінска просіць кіраўнікоў арганізацый падпісацца на шэраг дзяржаўных выданняў і адсправаздачыцца па выніках. У прапанаваным спісе – “Советская Белоруссия”, “Минский курьер”, “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Звязда” и “Вечерний Минск”. На магілёўскіх заводах працаўнікам настойліва раяць падпісацца на мясцовую дзяржаўную прэсу.