Аўтарская калонка

Прыбіральня на месцы расстрэлаў

26.12.2011 Аўтарская калонка Андрэя Бастунца 2715

«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына». А мы на яе… І не толькі на яе...

­У Заслаўі ў археалагічным помніку XI–XVII стагоддзяў пабудаваная… грамадская прыбіральня.

Вось вал гарадзішча, які, як пазначана на ахоўнай дошцы, з’яўляецца помнікам археалогіі і ахоўваецца дзяржавай. Вось сама дошка са спісам таго, што забараняецца рабіць з гістарычна-культурнай каштоўнасцю. А вось і прыбіральня. У тым самым помніку археалогіі XI–XVII стагоддзяў з той самай ахоўнай дошкай. Не побач — а менавіта ў ім.

«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына». А мы на яе… І не толькі на яе.

Праз тры дзесяткі крокаў адсюль падчас акупацыі расстрэльвалі жыхароў гораду і ваеннапалонных. Аб гэтым сведчыць надпіс на мемарыяльным камені, які знаходзіцца па той бок валу, што ахоўваецца дзяржавай. І ў якім пабудаваная прыбіральня. Яна пабудаваная значна пазней Вялікай Перамогі (зразумела, усё — з Вялікай Літары) — магчыма, прыблізна ў тыя ж часы, калі ўсталёўвалі мемарыяльны камень у памяць аб ахвярах вайны.

4 ліпеня дабрацца да Заслаўя аказалася праблемай. На кожным кіламетры стаялі міліцыянты і паказвалі на аб’езд. Высветлілася, што на фальшывую «Лінію Сталіна» паехаў кіраўнік дзяржавы — працягваць ваенна-патрыятычнае свята. На наступны дзень пасля сапраўдных выбухаў. Над галавой лёталі самалёты, перашкаджалі здымаць. («Калі скончыцца гэта вайна?» — у роспачы сказала малая дзяўчынка, гледзячы ўгору).

Дарэчы, у наваколлі пасля рэпетыцый «паветранага параду» зніклі птушкі. На лецішчах раптам заўважылі, што ніхто не клюе чарэшню і не пасягае на клубніцы. Такое вось свята…

Сюжэт на гэтую тэму з праграмы«Маю права» тэлеканалу «Белсат»