394

Прозвішча журналісткі Ксеніі Луцкінай зноў у графіку судовых пасяджэнняў

13.04.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнула ўвагу, што Мінскі гарадскі суд прызначыў на 19 красавіка новы працэс у дачыненні ўжо асуджанай экс-супрацоўніцы Белтэлерадыёкампаніі Ксеніі Луцкінай. Прычыны вяртання ў працэс з прыведзенай фармулёўкі незразумелыя.  

Як вынікае з графіку пасяджэнняў Мінгарсуда, раніцай 19 красавіка суддзя Таццяна Фалькоўская маецца разгледзець у дачыненні да Ксеніі Луцкінай “пытанні, звязаныя з вынясеннем прысуду, пастановы на выкананне”. Сутнасць пры гэтым не канкрэтызуецца, як няма і адсылкі на артыкулы крымінальнага ці адміністрацыйнага кодэксаў.  

Тым не менш, нават фармальнае вяртанне ў судовы працэс выклікае трывогу і ў вязняў, і ў іх родных. Да таго ж, Таццяна Фалькоўская ўжо адзначылася сваёй жорсткасцю, пакараўшы ўганараваную карпаратыўнымі прэміямі журналістку 8 гадамі калоніі. Што замінае адшукаць “новыя абставіны”? Асабліва пасля таго, як Ксенія Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні.

У сярэдзіне студзеня журналістку этапавалі ў гомельскую жаночую калонію № 4 і на судзе яе прысутнасць наўрад ці магчымая. Выглядае, што “іншыя пытанні” абмяжуюцца давядзеннем інфармацыі да яе адваката.

Ксенію Луцкіну затрымалі 22 снежня 2020 года ў цэнтры Мінска. Сілавікі ўчынілі ператрус у яе кватэры, адабралі камп'ютар, тэлефон, флэшкі,  дакументы. Саму журналістку змясцілі ў СІЗА №1, дзе ў межах справы “Прэс-клуба” першапачаткова прад'явілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса — “ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”.

Аднак неўзабаве яе адзіную вылучылі ў асобную “вытворчасць”, выставіўшы арт. 357 КК – “змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Як сцвярджала Генеральная пракуратура, Ксенія Луцкіна займалася стварэннем "грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання, мэтай якога было ўтойванне і скажэнне рэальных фактаў, эскалацыя пратэснай актыўнасці, стымуляванне расколу ў беларускім грамадстве, фармаванне ў людзей негатыўнай думкі аб дзейнасці дзяржорганаў".

Разгляд справы былой супрацоўніцы тэлеканала “Беларусь 2” пачаўся 1 верасня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе пад кіраўніцтвам Таццяны  Фалькоўскай. Нягледзячы на шматлікія медыцынскія дыягназы, уключна са злаякаснай пухлінай у мозгу, а таксама тое, што яна адна выхоўвае малалетняга сына, 28 верасня суддзя пакарала Ксенію Луцкіну 8 гадамі  зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У апошнія дні мінулага года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю адвакатаў асуджанай і пакінуў прысуд без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

Сёлета 13 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў дадало палітзняволеную ў ведамасны "пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".

Следам Ксенію Луцкіну этапавалі ў жаночую калонію № 4 Гомеля, дзе адміністрацыя ўлічыла яе фізічны стан, вызваліўшы ад работ у прамысловай зоне.

Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі журналістка аддала 15 гадоў жыцця, так і не атрымаўшы ад былых калег хоць бы маральнай падтрымкі падчас паказальнага суду.  

У межах аўтарскай праграмы Terra incognita ("Невядомая Беларусь") зняла блізу паўтары сотні праграм і звыш дваццаці дакументальных фільмаў. За плённую працу яе каманда атрымала дзве прэміі "Тэлевяршыня" — за найлепшую тэматычную распрацоўку і за найлепшы дызайн. Яшчэ адну ганаровую статуэтку Ксенія Луцкіна ўзяла за міні-серыял да 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пад назвай "Зямля страчаная. Зямля здабытая".

Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Ксенія Луцкіна далучылася да страйку нераўнадушных супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія патрабавалі аб’ектыўнага асвятлення пратэснай актыўнасці ў краіне.

Неўзабаве звольнілася і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, узначаліўшы групу інфармацыйнага забеспячэння. Паралельна захапілася ідэяй незалежнага нецэнзураванага тэлебачання, непадкантрольнага ўладам.

Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА

Чытайце яшчэ:

Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ванне ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца

Стваральніца падкаста «Вясна прыйдзе»: Меншае, што мы можам зрабіць, — гэта ведаць пра досвед людзей, якія побач з намі

Рэдактарка зіна PAMYŁKA: Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок у грамадстве

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!