419

«Простыя словы», «Юзік» і «Маё каханне». Вольскі зладзіў прэпаці канцэрта ў БАЖы

27.09.2019 Крыніца: Марыя Грыц, фота НГ Belsat.eu

Лявон пачаставаў байкамі пра былое, праспяваў разам з фанатамі і распавёў пра вялікі канцэрт, які адбудзецца праз месяц у Мінску.

Праз месяц, 26 кастрычніка, Лявон Вольскі зладзіць вялікі канцэрт у «PrimeHall». А сёння ён знайшоў час для групкі сваіх гарачых аматараў у Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Лявон патравіў байкі пра былое і прызнаўся, што канчатковая праграма вялікага канцэрта яшчэ не складзеная:

– Але дакладна там будуць песні ўсіх часоў, – кажа Вольскі.

Музыка распавёў, што здаўна мае дачыненне да журналістыкі і БАЖу, меў праграмы на радыё і тэлебачанні, пісаў артыкулы, праўда, журналістам сябе лічыць ускосна.

Пра сучасную журналістыку ў Беларусі сказаў коратка: «Нармальная».

Вольскі традыцыйна шмат жартаваў, запрашаў дапамагчы ў выкананні розных песень наведнікаў: прыгожыя паненкі былі бэк-вакалісткамі, а астатнія тупалі і пляскалі пад «Юзіка».

«Абсэнт» замяняла «Маё каханне», байкі ішлі за песнямі, а напрыканцы Вольскі зайграў неафіцыйны гімн Беларусі. Колькі гадоў ужо, а «Тры чарапахі» дагэтуль захапляюць людзей, і тыя ад душы яе спяваюць, не зважаючы на ўласныя музычныя здольнасці.