256

Прэзідэнт Польшчы напісаў ліст зняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту

03.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 2 мая напісаў ліст палякам, зняволеным у Беларусі. Сярод тых, каму накіраваны ліст, — журналіст, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Анджэй Пачобут.

Ліст Анджэя Дуды з пажаданнямі з нагоды Дня польскай дыяспары і палякаў за мяжой (так званага Дня Палоніі) павінны атрымаць актывісты польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, якія апынуліся за кратамі ў Мінску.

Прэзідэнт Польшчы звярнуўся з лістом да арыштаваных актывістаў Саюза палякаў Беларусі: Анджалікі Борыс, Ірэны Бярнацкай, Марыі Цішкоўскай і Анджэя Пачобута, а таксама да Ганны Панішавай — прэзідэнта Форума польскіх мясцовых ініцыятыў з Брэста.

У лісце з нагоды Дня Палоніі Анджэй Дуда выказвае сваю салідарнасць з усімі людзьмі, якіх пераследуюць у Беларусі па нацыянальных і палітычных прыкметах.

“Вы з’яўляецеся прыкладам еднасці паміж палякамі ды беларусамі, якія ствараюць і змагаюцца за незалежную Беларусь. Палякі, што жывуць на Беларусі, з’яўляюцца неад’емнай часткай беларускага грамадства, і яны паўнапраўныя грамадзяне Беларусі.

Таму яны маюць права на свабоду, каб далей будаваць незалежную і дэмакратычную Беларусь, а таксама дапамагаць кантактамі паміж нашымі дзяржавамі і народамі”, — піша ў лісце прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Ліст накіраваны ў Мінск, у СІЗА № 1, дзе знаходзяцца Анджэй Пачобут і іншыя прадстаўнікі польскіх арганізацый, затрыманыя ў сакавіку 2021 года.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!