1818 3

Прэйгерман патрабуе ад “Белсата” афіцыйных выбачэнняў за неаб’ектыўнае асвятленне “Мінскага дыялогу”

12.06.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Арганізатары Форума “Мінскі дыялог” патрабуюць ад кіраўніцтва тэлеканала “Белсат” афіцыйных выбачэнняў “за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемста”. У адваротным выпадку пагражаюць “спыніць любую супрацу з тэлеканалам “Белсат”, а журналісты тэлеканала больш не атрымаюць акрэдытацыю ні на адно наша мерапрыемства”.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце за подпісам кіраўніка экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўгена Прэйгермана на імя кіраўніцы “Белсата” Агнешкі Рамашэўская-Гузы.

Арганізатарам форума з’яўляецца экспертная ініцыятыва “Мінскі дыялог”.

“Па стане на 11 чэрвеня на тэлеканале выйшла больш за 10 матэрыялаў, якія асвятлялі працу форума ці выкарыстоўвалі запісаныя на форуме інтэрв’ю з яго ўдзельнікамі. Прытым некаторыя з гэтых матэрыялаў не даюць спасылкі на форум. …Агулам пры азнаямленні з прысвечанымі форуму матэрыяламі “Белсат” цяжка не заўважыць тэндэнцыёзнасць рэдакцыйнай палітыкі”, — гаворыцца ў лісце да Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

“Мы пакідаем спадзеў, што ўзгаданыя і іншыя матэрыялы адлюстроўваюць непрафесіяналізм і тэндэнцыёзнасць асобных журналістаў і рэдактараў “Белсат”, але не пазіцыю кіраўніцтва тэлеканала. Таму мы звяртаемся да Вас з прапановай зрабіць афіцыйную заяву з прабачэннямі на адрас арганізатараў і партнёраў Форума “Мінскага дыялогу” за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемста.

Калі да 25 чэрвеня 2018 г. у эфіры і на сайце тэлеканала “Белсат” такая заява не будзе зроблена, мы будзем лічыць, што кіраўніцтва тэлеканала афіцыйна падпісваецца пад усімі словамі сваіх журналістаў.

 У такім выпадку “Мінскі дыялог” са свайго боку будзе вымушаны цалкам спыніць любую супрацу з тэлеканалам “Белсат”, а журналісты тэлеканала больш не атрымаюць акрэдытацыю ні на адно наша мерапрыемства”.

Гэты ліст быў адпраўлены на адрасы аднаго з супрацоўнікаў тэлеканала "Белсат" і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік Belsat TV у Беларусі, падкрэслівае, што арганізатары Форуму першапачаткова былі негатыўна настроеныя да журналістаў "Белсата":

"Спадар Прэйгерман, відаць, вырашыў, што лепшая стратэгія абароны — гэта напад. Мы дагэтуль не атрымалі ад яго тлумачэнняў у сувязі з адмоваю ў акрэдытацыі журналістаў "Белсату" для працы на "Мінскім дыялогу". Кіраўнік Форуму сцвяржае, што напярэдадні мерапрыемства ён накіраваў каналу ліст, у якім дазволіў акрэдытаваць нашых журналістаў для працы на "Менскім дыялогу", а таксама кажа, што арганізатары прыклалі ўсе намаганні, каб нашыя калегі маглі паўнавартасна працаваць у гатэлі "Mariott".

Па-першае, ні я, прадстаўнік "Белсату" у Беларусі, ні хто-кольвек з дырэкцыі каналу, гэтага ліста не атрымлівалі. Па-другое, рашэнне пра акрэдытацыю нашых журналістаў на "Мінскі дыялог" было прынятае Яўгенам Прэйгерманам толькі пасля ўмяшання ў справу намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага ды прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Да гэтага, за дзень да сканчэння працэдуры акрэдытацыі ў працы на форуме нам было адмоўлена без тлумачэння прычынаў. На мае шматлікія тэлефанаванні Яўген Прэйгерман не адказваў, іншыя прадстаўнікі дырэкцыі "Менскага дыялогу" дапамагчы ў развязанні праблемы не змаглі. 

Таксама выклікае здзіўленне той факт, што свой ліст да спадарыні дырэктар Агнешкі Рамашэўскай-Гузы спадар Прэйгерман накіраваў не асабіста, а праз калегаў. Нагадаю спадару Яўгену, што спадарыня Агнешка даступная для кантакту ў Facebook ды праз асабісты email, знайсці які кіраўніку "Мінскага дыялогу", упэўнены, зусім не складана.

Спадарыня дырэктар прасіла перадаць, што адказ на свой ліст Яўген Прэйгерман атрымае ў акрэслены ім тэрмін. Дадам таксама, што з апісанымі закідамі да нашых журналістаў мы не згаджаемся".

23-25 траўня 2018 г. адбыўся першы Форум “Мінскага дыялогу”, які сабраў у беларускай сталіцы каля 500 удзельнікаў з 59 краін. Сярод іх — прадстаўнікі аналітычных цэнтраў і акадэмічных устаноў з краін ЕС, Расіі, ЗША, краін “Усходняга партнёрства”, Кітаю і іншых краін.

Каментары

Прэтэнзіі справядлівыя. Крыўлянне Руселіка - гэта не журналістыка.

Прэтэнзіі нічым неабгрунтаваныя.

"Прэйгерман патрабуе ад “Белсата” афіцыйных выбачэнняў за неаб’ектыўнае асвятленне “Мінскага дыялогу”. Калегі, давайце больш акуратна адносіцца да сваёй працы, асабліва да працы па напісанні загалоўкаў. Бо згодна вашага загалоўку, БАЖ падзяляе меркаванне Прэйгермана аб нібыта неаб'ектыўным асвятленні. Вы ні ў двукоссі не ўзялі гэтае "неаб'ектыўнае асвятленне", ні ўвогуле ніяк не пазначылі, што гэта выключна меркаванне Прэйгермана.
Я, як сябра БАЖ, не згодны з тым, што асвятленне было неаб'ектыўным. Абсалютна нармальнае для незалежнага СМІ, у даным выпадку Белсата, завастрэнне ўвагі на праблеме, а не "аблізванне" арганізатараў мерапрыемства.