1444

Прэс-тур Прыпяць / 1-2 ліпеня 2011 г.

02.07.2011 Крыніца: фота Аляксандра Зянкова

Пойменныя дубравы Случы вывучалі днямі ўдзельнікі байдарачнага прэс-туру , арганізаванага Лунінецкай філіяй БАЖ.

 

Гэты тур на вёслах — не першы для журналістаў. У мінулым годзе БАЖаўскі «дэсант» сплаўляўся на байдарках па маршруце Смердзь-Прыпяць.

Нас злучыла Случ

Увага журналістаў была прыкавана да пойменных дубраў, якіх у краіне з кожным годам застаецца ўсё менш. Унікальнасць Случы, як распавёў перад адплыццём праваднік-інструктар, член рады абласнога аддзялення ГА «Ахова птушак бацькаўшчыны», каардынатар рэгіянальных праектаў «Тэрыторыі, важныя для птушак» Анатоль Нефідовіч, у тым, што па яе ўзбярэжжы захаваліся рэліктавыя дубравы. Засталіся тут і рэдкія экзэмпляры маронага дуба, з каштоўнай драўніны якога (гэта свайго рода акамянеласць) выраблялі мэблю для каралеўскіх асоб.

Адметная Случ і адносна птушак. Тут, у дубравах па ўзбярэжжы, можна пабачыць рэдкіх ракшавых: сіваграка, зімародка, удода. Менавіта ў дубравы Случы прыязджаюць паглядзець на птушак арнітолагі з Польшчы, Англіі, Германіі і іншых краін. Нашы турысты, як гаворыць Анатоль Нефідовіч, такой цікавасці, як замежныя госці, да фаўны і флоры не праяўляюць.

Цікава і тое, што па Случы з 1921 по 1939 год праходзіла мяжа Заходняй Беларусі, а ў вёсцы Моршчынавічы, якая ў некалькіх сотнях метраў ад ракі (перад адплыццём там таксама пабывалі журналісты), знаходзіўся ў той час польскі пагранічны пастарунак.

Дай людзям мудрасці, сімвал мудрасці!

Больш падрабязна пра дубравы ўдзельнікі прэс-туру даведаліся з презентацыі, падрыхтаванай навуковым супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН РБ Максімам Ярмохіным. Прэзентацыя прайшла ў жывапісным месцы, сярод выкавых дубоў, куды журналісты даплылі па рацэ на байдарках.

Навуковец зрабіў цікавыя даследаванні. З тэрыторый, пакрытых лесам, дубраў у Беларусі толькі каля 8%. Пойменныя дубравы больш захаваліся на паўднёвым усходзе Беларусі. Прычым, аказваецца, што Глебы, больш спрыяльныя для дубраў, наадварот, — на поўначы.

Дуб лічыцца сімвалам мудрасці. Магчыма, па гэтай прычыне ў Беларусі так шмат назваў населеных пунктаў з корнем «дуб». Максім Ярмохін налічыў такіх 284. У Лунінецкім раёне таксама ёсць вёска Дубаўка. Але цікава, што назвы гэтыя часцей ужываюцца не там, дзе растуць дубравы. У большасці выпадкаў ніводнага дуба каля ўсялякіх Дубкоў, Дубавак, Дубочкаў і г.д., па назіраннях навукоўцаў, няма нават ў радыусе кіламетра.

Найбольш актыўным экспарт дуба ў Еўропу быў у ХVI-ХVII стагоддзях. Калі прасачыць, па якіх шляхах вывозілася каштоўная драўніна, то самы кароткі і зручны з іх ляжаў праз басейн Дзвіны. І калі спачатку ў краіне значна пераважаў экспарт дуба, то потым ужо — сасны. Па простай прычыне — дуба не стала.

Як адзначыў Анатоль Нефідовіч, праблема захавання дубраў сёння вельмі актуальная: чалавек знішчаў дубы з-за актыўнага нерэгуліруемага гандлю. На поўначы Беларусі і ў цэнтральнай яе частцы дубраў зусім не засталося. Па словах Максіма Ярмохіна, ставіцца задача пакрыць Беларусь дубамі ў тры разы больш, чым іх расце цяпер.

Падчас абмеркавання Яўген Валошын (газета «Звязда», Мінск) прывёў прыклад, як у Бешанковічах улады спілавалі дуб Напалеона. Ён таксама адзначыў: «Я аб’ехаў шмат чаго, і толькі нядаўна зразумеў, як цудоўна адпачываць у нас. Гэты тур — сапраўды шыкоўны». Алесь Белы (газета «Інтэкс-прэс», Баранавічы), дарэчы, адзін з нямногіх, хто маеў досвед сплаву на байдарках, заўважыў, што праблему знішчэння дубраў (а гэта унікальныя ў экасістэме мясціны!) трэба больш актыўна асвятляць у СМІ і прыцягваць да яе ўвагу грамадскасці.

«Сушы вёслы!»

Няглядзечы на тое, што надвор’е не парадавала вандроўнікаў, і амаль палову шляху прыйшлося сплаўляцца пад дажджом, ніхто з удзельнікаў не сышоў з дыстанцыі. Журналісты паспявалі і веславаць, і здымаць, і нават браць адзін у аднаго інтэрв’ю.

Калі прагучала каманда «Сушы вёслы!», многія нават засмуціліся, што паход скончыўся. І хоць усе стаміліся, да крыві нацёрлі мазалі на далонях і прамоклі да ніткі, настрой быў лірычны — Случ нам скарылася! І нават, здавалася, вялізныя, гордыя дубы перашэптваліся паміж сабой і, развітваючыся з намі, дзякавалі за неабыякавасць.

А потым, на працягу вечара, абмяркоўвалі ўражанні! Былі юшка, спевы і вершы ля вогнішча ў кампаніі аднадумцаў…

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!