1031

“Прэс-клуб” у Магілёве: сябры ГА "БАЖ" абмяркоўвалі праблемы ў развіцці рэгіянальных СМІ

03.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

2 красавікаў Магілёве адбыўся прэс-клуб, падчас якога прадстаўнікі журналісцкай супольнасці Магілёўшчыны абмеркавалі тыя праблемы, якія сталі для іх актуальныя апошнім часам. Найбольш мясцовых сябраў БАЖу цікавілі пытанні далейшага лёсу мясцовых газет і інтернет-рэсурсаў, і ўзросшага ціску з боку ўладаў на журналістаў і грамадскіх актывістаў.

Неабходна адзначыць, што першапачаткова правядзенне прэс-клуба ў Магілёве было запланавана ў больш святочным фармаце, яно было прымеркаванае да 25 сакавіка.

Журналісты Магілёўшчыны збіраліся падыскутаваць на тэму “Як будуць існаваць і развівацца СМІ ў Беларусі пасля перамогі дэмакратыі”. Аднак шматлікія рэпрэссіі з боку ўладаў у адосінах да журналістаў і грамадскіх актывістаў у апошнія месяцы зрабілі актуальным зусім іншы фармат сустрэчы.

Паўдзельнічаць у прэс-клубе вырашылі больш за два дзесяткі чалавек з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны. Сябры БАЖу ахвотна дзяліліся сваімі думкамі і меркаваннямі, расказвалі аб праблемах, уносілі прапановы па паляпшэнню дзейнасці мясцовай суполкі і ўсяго ГА “БАЖ”. Перыядычна ўспыхвалі ажыўленыя дыскусіі, старшыні Магілёўскай суполкі БАЖ Барысу Вырвічу даводзілася адказваць на вострыя пытанні прысутных.

Шмат цікавых заўваг і прапаноў падчас прэс-клубу зрабіў адзін з пачынальнікаў дзейнасці БАЖу на Магілёўшчыне Віталь Васількоў. На думку Віталя Рыгоравіча, хоць праблем у журналістаў і грамадскіх актывістаў зараз больш чым дастаткова, але перамены ўсё роўна непазбежныя. Ідзе звычайнае развіццё градзянскай супольнасці, нават пад ціскам, нават пад дубінкамі.

Перакананне ў тым, што грамадзянскай супольнасці абавязкова ўдасца вырашыць праблемы ў сваім развіцці, вытрымаць ціск з боку беларускіх уладаў, выказаў і вядомы беларускі палітык, сябра ГА “БАЖ” Рыгор Кастусёў. Кастусёву давялося адказваць на шматлікія пытанні ўдзельнікаў прэс-клуба, выказваць свае меркаванні наконт далейшага развіцця сітуацыі ў краіне.

Журналістка горацкай газеты “Узгорак” Таццяна Кіраенкава распавяла пра тое, як зараз працуе калектыў выдання, пра дзейнасць журналістаў і грамадскіх актывістаў у Горках. Журналісты газеты і горацкія актывісты дапамагалі затрыманым пасля акцыі пратэсту ў Оршы, вазілі ім перадачы. Да свята 25 сакавіка горацкія журналісты і мясцовыя актывісты зладзілі некалькі цікавых акцый. Пасля разгону Дня волі ў Мінску ў Горках быў праведзены круглы стол, на якім актывісты і журналісты падзяліліся сваімі ўражаннямі аб развіцці сітуацыі ў краіне.  Кіраенкава адзначыла, што ўладам не ўдалося нікога запалохаць, людзі стаміліся баяцца, таму перамены непазбежныя.

Прадстаўнік крычаўскай газеты “Вольны горад” Мікалай Гердзій падзяліўся думкамі наконт далейшага развіцця сітуацыі ў краіне, распавёў пра працу крычаўскіх журналістаў ва ўмовах пастаяннага ціску з боку мясцовых улад. Удзельнікам прэс-клуба было цікава даведацца, што вечарам напярэдадні сустрэчы ў Магілёве да крычаўскіх журналістаў прыходзіў супрацоўнік мясцовага РАУС. Лейтэнанта міліцыі цікавіла іх датычнаць да з’яўлення ў горадзе надпісу “Лукашенко, уходи”, былі складзены пратаколы апытання. Мікалай Гердзій выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на ціск, крычаўскія журналісты будуць працягваць пленна працаваць, змяшчаючы вострыя матэрыялы з усходу Магілёўшчыны ў газеце “Вольны горад” і на інтэрнэт-партале “Магілёўскі рэгіён”.

Журналіст БелаПАНу Уладзімір Лапцэвіч у чарговы раз узняў пытанне аб недастатковай працы юрыдычнай службы ГА  “БАЖ” на Магілёўшчыне. Па меркаванню Лапцэвіча, мясцовы юрыст Барыс Бухель занадта загружаны дзейнасцю ў іншых праваабарончых арганізацыях, таму практычна не рэагуе на звароты сяброў БАЖу. Хоць гэтыя звароты вельмі актуальныя, бо датычыцца немагчымасці журналістам выконваць свае прафесійныя абавязкі ў тых жа судах.

Месяцамі няма рэакцыі з боку юрыдычнай службы на іншыя запыты журналістаў. Таму Лапцэвіч унёс прапанову падзякаваць Бухелю за шматгадовую пленную працу і разгледзець пытанне аб тым, каб у Магілёўскай суполкі з’явіўся юрыст, які б больш адказна ставіўся да сваіх абавязкаў.

Удзельнікі сустрэчы вырашылі, што склаўшаяся сітуацыя будзе абмеркавана з удзелам Барыса Бухеля і прадстаўнікоў юрыдычнай службы арганізацыі.

Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі падрабязна спыніўся на сацыяльна-эканамічнай сітуацыі на Магілёўшчыне. Трэцці год запар адбываецца падзенне эканомічных паказчыкаў, у людзей стабільна зніжаюцца заробкі, скарачаецца колькасць занятых і расце прыхаванае беспрацоўе. Але ўлады і “дзяржаўныя” журналісты гэтага нібыта не заўважаюць, між тым сітуацыя працягвае пагаршацца. На думку Мігурскага, за гэта адказныя, у першую чаргу, старшыні Магілёўскага аблвыканкама Ўладзімір Даманеўскі і памочнік прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў. Ім даўно пара пакінуць свае пасады, як не справіўшыміся з абавязкамі.

Клімавіцкі журналіст-фрылансер Сяргей Аржанцаў прапанаваў звярнуць увагу кіраўніцтва БАЖ на неабходнасць актывізацыі працы з уладамі з тым, каб грамадская арганізацыя быў унесены ў спіс творчых арганізацый. Літаральна нядаўна такое рашэнне прынятае ў адносінах недзяржаўнага СБП, сябры ж БАЖу чамусьці засталіся пад прэсінгам “падатку на дармаедства”. Магілёўскія БАЖаўцы аднадушна падтрымалі прапанову Сяргея Аржанцава. Большасць сябраў мясцовай філіі з’яўляюцца фрылансерамі, ім добра вядомыя ўсе цяжкасці працы ў гэтым статусе.

Пра асаблівасці працы інтэрнэт-сайта “Магілёўскі рэгіён” распавёў яго галоўны рэдактар Зміцер Салаўёў. Сваімі заўвагі і прапановамі наконт дзейнасці мясцовай суполкі БАЖу падзяліліся Ганна Ільіна, Аляксандр Буракоў, Барыс Вырвіч, грамадскі актывіст Леанід Осіпаў і іншыя.

Сустрэча БАЖаўцаў Магілёўшчыны працягвалася амаль тры гадзіны і, па агульнаму меркаванню, атрымалася плённай і карыснай.

Мерапрыемства прайшло ў Грамадзскім цэнтры “Кола”. Журналісты выказалі сваю падзяку Віталю Васількову за тое, што ён заўсёды адгукаецца на просьбы і ахвотна дапамае ў арганізацыі правядзення сустрэч і мерапрыемстваў Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”.

Прэс-клуб быў арганізаваны мясцовай суполкай ГА “БАЖ” пры падтрымцы Выдавецкага цэнтра Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!