827

Прэс-клуб у Магілёве: Шукалі шляхі для паразумення грамадскіх актывістаў і журналістаў

20.02.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA 17 лютага правялі ў Магілёве прэс-клуб для грамадскіх актывістаў і журналістаў. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі тэму “СМІ і актывісты Магілёўшчыны: як супрацоўнічаць эфектыўней?”.

Сустрэча ладзілася дзеля дыялогу і лепшага разумення паміж тымі, хто актыўна займаецца вырашэннем грамадска значных праблем, і тымі, хто сілай слова можа так данесці інфармацыю, каб зацікавіць шырокае кола жыхароў.

Падчас сустрэчы сваім досведам узаемадзеяння паміж журналістамі і грамадскімі актывістамі падзяліліся галоўны рэдактар мінскага анлайн-часопіса citydog.by Сяргей Сахараў, кіраўнік праекта mogilevnews.by Дзмітрый Ляпейка і старшыня гарадскога аддзялення ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Дзьячкоў.

Паслухаць экспертаў і выказаць свае меркаванні прыйшло больш за два дзесяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў з Магілёва і некалькіх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі і сябры ГА “БАЖ” з Магілёва, Бялыніч, Клімавіч і Хоцімска.

Журналісты і грамадскія актывісты Магілёўшчыны з цікавасцю выслухалі парады і прапановы экспертаў наконт таго, якім чынам актывістам лепш прасоўваць свае ініцыятывы і знаходзіць паразуменне з СМІ. Таксама яны змаглі даведацца пра паспяховыя і адмоўныя прыклады такога супрацоўніцтва.

Пэўныя моманты выступаў экспертаў выклікалі ажыўленую дыскусію, агучваліся самыя розныя меркаванні. У прыватнасці, прадстаўнікі рэгіёнаў выказалі сваё скептычнае стаўленне да меркавання галоўнага рэдактара citydog.by Сяргея Сахарава аб тым,  што лепшае супрацоўніцтва атрымліваецца тады, калі інтарэсы супадаюць у СМІ, актывістаў і бізнесу. На іх думку, чым далей ад сталіцы, тым менш бізнес хоць нейкім чынам жадае “свяціцца” ў СМІ, ці, тым больш, аказваць нейкую падтрымку грамадскім ініцыятывам.

Пэўны скепсіс у прысутных выклікалі і словы рэдактара mogilevnews.by Дзмітрыя Ляпейкі, што для партала, заснавальнікам якога з’яўляецца Магілёўскі аблвыканкам, няма забароненых тэмаў, і яны гатовы апублікаваць усё, што палічаць неабходным. Многія з прысутных з такім меркаваннем рэдактара партала не пагадзіліся.

Удзельнікі сустрэчы таксама выказалі Дзмітрыю Ляпейка шмат заўваг наконт таго, што mogilevnews.by цалкам ігнаруе беларускую мову.

Цікава распавёў пра станоўчы досвед узаемадзеяння са СМІ старшыня Магілёўскага гарадскога аддзялення ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Дзьячкоў. На думку Алега, вельмі добра тое, што ў дзейнасці арганізацыі актыўны ўдзел прымаюць журналісты, якія самі і даносяць да СМІ інфармацыю пра яе дзейнасць.

Напрыканцы мерапрыемства удзельнікі сустрэчы падзякавалі яе арганізатарам за магчымасць сустрэцца, падзяліцца досведам, і атрымаць шмат карыснай і цікавай інфармацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!