390

Прэс-канферэнцыя кампаніі "Беларускамоўны" ў офісе БАЖ — 9 кастрычніка

04.10.2019 Крыніца: Даслана арганізатарамі

Кампанія «Беларускамоўны» запрашае на прэсавую канферэнцыю, якая адбудзецца 9 кастрычніка а 12.00 у офісе «Беларускай асацыяцыі журналістаў», г. Менск, вул. Кальварыйская, 16, офіс 265 (4-ты паверх).

 З 4 да 30 кастрычніка 2019 года ў нашай краіне ладзіцца чарговы перапіс насельніцтва. Два пытанні ў анкеце будуць пра родную мову (№ 12 і 13). Штогоду колькасць асобаў, якія пазначаюць беларускую мову роднай, няўмольна скарачаецца. У 2009 годзе роднай беларускую мову назвалі ўсяго 53,2 % насельніцтва. Галоўная мэта нашай кампаніі – заахвоціць грамадзянаў нашай краіны пазначыць падчас перапісу насельніцтва беларускую мову як родную, бо гэта мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову роднай, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы.

На прэсавай канферэнцыі намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі прэзентуе медыякампанію «Беларускамоўны». Дырэктар культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» Алесь Снег распавядзе пра падводныя камяні ды акалічнасці перапісу. Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай праінфармуе пра міжнароднае падтрыманне і раскрые дэталі рэзалюцыі, якую падпісала Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу 85-га Кангрэсу. Міжнародны ПЭН заклікае ўлады Беларусі ды буйныя карпарацыі не парушаць правоў беларускамоўных.

Таксама будзе прэзентаваны зварот да беларускай грамадскасці наконт беларускай мовы, да якога можа далучыцца кожны грамадзянін або арганізацыя. Вы будзеце мець магчымасць першымі азнаёміцца з медыйнымі матэрыяламі кампаніі ды тэкстам звароту. Партнёры кампаніі «Беларускамоўны» адкажуць на ўсе вашыя пытанні. Спіс партнёраў кампаніі «Беларускамоўны»: тэлеканал «Белсат», «Арт Сядзіба», ЗБС «Бацькаўшчына», Symbal.by, Беларускі ПЭН-цэнтр, брэнд «LSTR Adzieńnie», Knihi.by, крама «Мой модны кут».