588

Прэміяй імя Паўла Шарамета узнагародзілі журналістаў-расследавацеляў з Малдовы

05.12.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прэмію імя Паўла Шарамета прысудзілі арганізацыі RISE Moldova (www.rise.md) — гэта супольнасць журналістаў-расследавацеляў. Цырымонія ўзнагароджання адбывалася з удзелам мамы Паўла Шарамета Людмілы Станіславаўны падчас 11-й Асамблеі Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Бруселі.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання прысутныя правялі акцыю салідарнасці з грузінскім зняволеным доктарам Важа Гапрындашвілі. Ён быў затрыманы 9 лістапада па абвінавачванні ў наўмысным «незаконным перасячэнні дэ-факта мяжы з Паўднёвай Асеціяй», застаецца ў цхінвальскай турме. КДБ самаабвешчанай рэспублікі апублікаў заяву, у якой сцвярджаецца, што грузінскі доктар якасці ваеннага ўрача прымаў актыўны ўдзел у падзеях жніўня 2008 года". Гэта катэгарычна адмаўляюць у Тбілісі.

Вядучая цырымоніі нагадала пра шматлікія выклікі прафесіі: маніпуляцыі, фальшывыя навіны, пагрозы жыццю журналістам. Гэтыя праблемы востра стаяць на тэрыторыі, дзе дзейнічае праграма Усходняга партнёрства, то бок у краінах постСССР. Таму важныя салідарнасць і падтрымка незалежных журналістаў, якія адстойваюць свабоду слова.

Маці Паўла Шарамета Людміла Станіславаўна Шарамет, уручаючы ўзнагароду, сказала, што моц людзей — у супрацы і падтрымцы адзін аднаго:

— Павел заўсёды гаварыў: свабоду нельга купіць, яе нельга вымаліць, за яе трэба змагацца. Ён жыў з біблейскай мудрасцю: сіла не ў сіле, сіла ў праўдзе. Я хачу падзякаваць арганізацыйнаму камітэту гэтага прадстаўнічага форуму за тое, што імя Паўла жыве. Я хачу выказаць вам падзяку за тое, што вы займаецеся важнай справай: несяце еўрапейскія каштоўнасці ў свае краіны. Тут павінна быць вялікая ўзаемадапамога, бо па-аднаму нас лёгка зламаць, а калі мы разам, то гэта сіла. Вялікая роля ў гэтым належыць СМІ, журналістам. Я ганаруся тымі таленавітымі людзьмі, якія смела, мужна нясуць праўду ў свае краіны. І я спадзяюся, што праўда пераможа.

Напрыканцы сваёй прамовы Людміла Станіславаўна папрасіла ўсіх берагчы жыццё.

RISE Moldova (www.rise.md) — супольнасць журналістаў-расследавацеляў, праграмістаў і грамадзянскіх актывістаў Рэспублікі Малдова. RISE Moldova расследуе арганізаваную злачыннасць, сувязь крыміналу і палітыкаў, раскрывае схемы адмывання грошай ва Усходняй Еўропе, схемы карупцыі, кантрабанды, падатковыя злачынствы, спецыфіку гандлю зброяй, а таксама выкрывае іншыя схаваныя інтарэсы палітыкаў і чыноўнікаў.

Сёлета сярод намінантаў на прэмію імя Шарамета быў стваральнік незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

Гэтымі днямі ў Бруселі праходзіць 11-я Асамблея Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФГС УП). ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з’яўляецца сябрам Нацыянальнай платформы ФГС УП., арганізацыю на Форуме прадстаўляе рэдактар сайта BAJ.BY Вольга Хвоін.

Прэмію імя Паўла Шарамета ўручаюць прадстаўнікам СМІ і грамадзянскай супольнасці з краін Усходняга партнёрства.

Лаўрэатамі прэміі раней былі журналіст з Крыма Мікалай Сямёна, азербайджанская журналіст-даследчык Афган Мухтарлы, армянскі актывіст Давід Петрасян, журналістка з Малдовы Наталля Морар.

Премию имени Павла Шеремета получили журналистка из Молдовы и активист из Армении

Журналіст Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля кіраўніка «Украінскай праўды» Алены Прытула. Па версіі следства, забойства Шарамета звязанае з яго журналісцкай дзейнасцю.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!