250

Прэмія беларускай кінапрэсы “Чырвоны верас” абвяшчае прыём заявак, да 21 лістапада

21.10.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гэтай восенню прадстаўнікі кінапрэсы стварылі спецыялізаваную прэмію “Чырвоны верас”. Яе мэта – вызначыць і ўзнагародзіць найлепшыя стужкі, створаныя беларускімі аўтарамі за апошнія два гады. 

— Прэмія супольнасці беларускай кінакрытыкі мусіла нарадзіцца ў больш спрыяльны для нашага кіно час, але штуршком для яе заснавання сталі беспрэцэдэнтныя культурныя рэпрэсіі ў краіне. Ліквідацыя кампаній, якія садзейнічалі з'яўленню і папулярызацыі беларускага (незалежнага) кіно, змяненне выпрацаванай у папярэднія гады канцэпцыі Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” (у сувязі са зменай арганізатара паводле рашэння Міністэрства культуры) выносяць працу беларускіх кінематаграфістаў на абочыну культурных працэсаў. 

У пошуках выйсця з сітуацыі і ў мэтах падтрымкі беларускага (незалежнага) кінематографа супольнасць беларускіх кінакрытыкаў вырашыла заснаваць прэмію “Чырвоны верас”. Нам важна прыцягнуць увагу да беларускага (незалежнага) кіно, а таксама прааналізаваць яго дасягненні ў складаных варунках адсутнасці кінаіндустрыі і каналаў прэзентацыі, – зазначае аргкамітэт прэміі. 

Супольны арганізацыйны састаў прэміі складаецца з чатырох журналістаў: Ірэны Кацяловіч, Дар’і Амяльковіч, Максіма Карпіцкага і Тараса Тарналіцкага.

Дызайн прэміі ставарыў прадпрымальнік і рэжысёр Іван Маслюкоў.

Да падачы заявак ў якасці прэтэндэнтаў на прэмію “Чырвоны верас” запрашаюцца аўтары каротка- і поўнаметражных ігравых, дакументальных і анімацыйных фільмаў, прэм’ера якіх адбылася ў перыяд з пачатка 2019 па канец 2020 года. Спасылкі на фільмы, дасланыя на конкурс, будуць выкарыстаныя выключна для прагляду сябрамі журы прэміі, а не для публічнага паказу. 

Для ўдзелу неабходна запоўніць адмысловую форму:

Тэрмін падачы заявак — з 21 кастрычніка да 21 лістапада 2021 года ўключна.

Вырашаць лёс стужак будзе пашыраны склад журы, у які апроч сябраў аргкамітэту прэміі ўвайшлі вядомыя журналісты, кіназнаўцы, даследчыкі і блогеры, што займаюцца тэмай кіно: Максім Жбанкоў, Ігар Сукманаў, Ірына Дзям’янава, Андрэй Расінскі, Антон Каляга, Ульяна Будзік, Юры Кастузік, Галіна Шур, Вольга Раманава і іншыя. Усяго агулам 18 удзельнікаў, падрабязны спіс мы апублікуем пазней. Галасаванне будзе праходзіць анлайн пасля сканчэння прыёму заявак. Праца аргкамітэту ды сябраў журы прэміі адбываецца выключна на валанцёрскіх пачатках.

Галасаванне пройдзе па трынаццаці намінацыях:

  • Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм

  • Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм

  • Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм

  • Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм

  • Найлепшы анімацыйны фільм

  • Найлепшы рэжысёр

  • Найлепшы акцёр

  • Найлепшая актрыса

  • Найлепшая праца аператара

  • Найлепшы сцэнар

  • Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака-пастаноўшчыка)

  • Найлепшае музычнае афармленне

  • Адкрыццё года.

 

Кантактная інфармацыя

Афіцыйная старонка: https://www.facebook.com/redheatheraward

Электроная пошта прэміі: redheatheraward@pm.me

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!