952

Праз сайт пагражаюць гомельскаму сябру ГА “БАЖ” і яго непаўнагадовым дзецям

25.02.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельскі юрыст, праваабаронца і сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Леанід Судаленка звярнуўся да начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама з заявай. Ён просіць правесці праверку і высветліць юрыдычную ці фізічную асобу на тэрыторыі Беларусі, якая адмініструе інтэрнэт-сайт www.gomelbest.com.

“20 лютага на гэтым сумніўным сайце ў матэрыяле “Зорачкі для праваабаронцы” невядомы мне аўтар не толькі паспрабаваў у паклёпніцкай форме апісаць маю грамадскую дзейнасць, але і ўчыніў псіхалагічны гвалт з тым, каб пасяліць ува мне страх і няўпэўненасць ў бяспецы маіх непаўнагадовых дзяцей”, – распавёў Леанід Судаленка службе маніторынгу ГА “БАЖ”.

Сп. Судаленка лічыць, што такія дзеянні падпадаюць пад артыкул 186 Крымінальнага кодэкса – пагроза забойствам. Ён просіць правесці праверку і прыцягнуць аўтара да крымінальнай адказнасці паводле вышэйзгаданага артыкула, а таксама зрабіць захады па прадухіленні злачынства ў дачыненні да яго і дзяцей.

Леанід Судаленка аказваў і аказвае прававую дамамогу Вользе Груновай, маці расстралянага Аляксандра Грунова, які ўчыніў жорсткае забойства гомельскай студэнткі. Маці хоча ведаць, дзе пахаваны сын, і дамагаецца змены ў заканадаўстве – з тым, каб расстраляных можна было забіраць і хаваць там, дзе жадаюць сваякі.

З гэтай прычыны на праваабаронцу і накінуўся невядомы аўтар з абразамі і пагрозамі.