133

Правату журналіста Жукоўскага трэці раз пацвердзіў Камітэт ААН па правах чалавека

02.12.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў трэцяе рашэнне па скаргах гомельскага  журналіста-фрылансера, сябра  ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага (справа №2724/2016). Беларускія ўлады прызнаныя адказнымі за парушэнне яго правоў на мірны сход і распаўсюд інфармацыі.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы журналістаў-фрылансераў у міжнародных структурах.

Зварот Жукоўскага ў КПЧ ААН звязаны са штрафам у памеры 900 рублёў, вынесеным яму суддзёй Светлагорскага раёна Ірынай Алісейка за ўдзел 25 лістапада 2014 года ў несанкцыянаваным пікеце мясцовага інваліда-вазочніка Юрыя Ляшэнкі.

У той дзень на цэнтральнай плошчы Светлагорска перад райвыканкамам інвалід пратэставаў супраць парушэння яго правоў пры капітальным рамонце дома на вуліцы Леніна, 10. Фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова здымалі пікет на відэа.

Літаральна праз пяць хвілін пасля таго, як інвалід разгарнуў плакат з надпісам “Стоп беззаконне!”, на плошчу з мігалкамі прымчала машына хуткай медычнай дапамогі. Ляшэнку пагрузілі ў “хуткую” і адвезлі ў бальніцу. “Лекаванне” завершылася гутаркай з міліцыянтам, складаннем пратакола пра несанкцыянаваны пікет і ўрэшце штрафам.

Адміністрацыйныя пратаколы міліцыя склала і ў дачыненні журналістаў-фрылансераў, якія асвятлялі пікет. У судовай пастанове запісана: “Жукоўскі здымаў Юрыя Ляшэнку, а Шчыракова перадала Юрыю Ляшэнку белы скрутак, які быў плакатам з надпісам”. Згадваліся і іншыя падрабязнасці. У нейкі момант плакат выпаў з рук інваліда — Жукоўскі падняў яго. Суд прызнаў гэта абцяжарваннем віны і канстатаваў, што правапарушэнне было ўчыненае “ў складзе групы”: дзеянні інваліда-вазочніка і журналістаў былі ўзгодненыя.

Зусім іншая ацэнка падзеі ўтрымліваецца ў рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека. Паводле рашэння, беларускі ўрад павінен цалкам вярнуць Жукоўскаму наяўныя расходы па справе і прадугледзець для яго адэкватную кампенсацыю. Урад абавязаны таксама перагледзець ужытае ў справе журналіста-фрылансера нацыянальнае заканадаўства і практыку яго прымянення.

“Неаднойчы казаў і вымушаны паўтарыць, што супрацоўнікі міліцыі і суддзі ў сваёй практыцы ігнаруюць міжнародныя абавязацельствы краіны ў частцы гарантый правоў кожнаму чалавеку. Гэтым кейсам мы ў чарговы раз нагадваем беларускаму ўраду: інфармацыя і мірныя сходы — гэта не тое, на што патрэбна пытацца дазволу ў дзяржавы”, — зазначае юрыст Судаленка.

Папярэднія два рашэнні камітэта ААН па правах чалавека (№2955/2017 і 3067/2017) ад 21 лістапада тычацца пераследу журналіста-фрылансера Жукоўскага за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”, які транслюе свае перадачы па-беларуску з Польшчы.