2013

Праваабаронцы занепакоеныя сітуацыяй з журналістамі

01.07.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сітуацыя са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі выклікае занепакоенасць у праваабаронцаў, асабліва з улікам набліжэння выбараў кіраўніка дзяржавы.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 1 ліпеня з нагоды пачатку кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” заявілі старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) Алег Гулак і намеснік кіраўніка закрытага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Фон, на якім адбываюцца цяперашнія прэзідэнцкія выбары, Стэфановіч назваў “неспрыяльным”.

“Нашу асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што зараз адбываецца з журналістамі. Я маю на ўвазе найперш ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, а таксама працяглую кампанію кантролю над сродкамі масавай інфармацыі ў прынцыпе. Гэта і змены ў закон “Аб СМІ”, і выпадкі блакавання сайтаў. Паказальны выпадак у гэтым сэнсе адбыўся з kyky.org. Гэта сведчыць, што Міністэрства інфармацыі ў нас відавочна выконвае функцыі цэнзуры, ператвараецца ў “міністэрства праўды”, – мяркуе юрыст. – Калі міністр інфармацыі апелюе такімі паняццямі, як “священная историческая правда”, то тут цяжка нешта каментаваць, бо гэта ніякі не прававы тэрмін”.

Правабаронцы апасаюцца, што ўсё гэта можа адбіцца ў тым ліку і на выбарчым працэсе.

“І мы самі, і іншыя суб’екты працэсу назірання, канешне, будуць інфармаваць грамадзян пра ход выбарчай кампаніі – магчыма, пісаць пра нейкія парушэнні і так далей. І застаецца пытанне – якім чынам на гэта будзе рэагаваць Мінінфарм? Ці будзем мы бачыць зноў блакаванне сайтаў, якое мы назіралі напрыканцы мінулага года, калі шэраг сайтаў быў заблакаваны без усялякіх тлумачэнняў?..”        

Па словах Стэфановіча, усе факты парушэнняў правоў грамадзян на свабоду слова, у тым ліку і дзеянні ўладаў супраць сродкаў масавай інфармацыі ды журналістаў, праваабаронцы будуць фіксаваць і ўносіць у маніторынг выбарчага працэсу 2015 года.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!