195

Праваабаронцы прэзентавалі ўнікальную фотавыставу пра Курапаты. Вялікі фотарэпартаж Фота

10.07.2019 Крыніца: Spring96.org

На мінскай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” 9 ліпеня была прэзентаваная ўнікальная фотавыстава “Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты”. У аснову выставы  былі пакладзеныя працы вядомага беларускага фатографа Уладзіміра Сапагова. Арганізатарамі і ўкладальнікамі фотавыставы выступілі Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці.

На пляцоўцы сабралася каля паўсотні чалавек, каб убачыць унікальныя гістарычныя фотаздымкі. Сярод іх таксама — вядомыя абаронцы Курапатаў.

На жаль, арыгіналы фотаздымкаў не захаваліся. Архіў фотамастака пакуль алічбаваны часткова. Але і гэтую частку атрымалася захаваць цудам.  Калі Уладзімір Сапагоў памёр ад інсульту ў 2012 годзе, усе негатывы былі выкінутыя на сметнік, але яго сябрам удалося выратаваць калекцыю.

Імпрэза на “Тэрыторыі правоў” адкрылася вершам пісьменніка Анатоля Сыса “Адпусціце мяне, Курапаты”. Ён з’яўляўся адным з удзельнікаў Таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя", якія і падалі заяўку на першы масавы мітынг у Беларусі “Дзяды-88”.

Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі адзначыў, што менавіта ў той перыяд быў зроблены моцны штуршок для стварэння дэмакратычнага руху Беларусі. Незадоўга да “Дзядоў” былі ўтвораныя арганізацыя “Мартыралог Беларусі” і аргкамітэт Беларускага народнага фронту.

“Незалежнасць не ўпала проста так беларусам, як многія кажуць. Змаганне пачалося ў 80-х гадах”, — адзначыў Бяляцкі.  

Старшыня “Вясны” ўзгадаў і правядзенне першага шэсця ў Курапатах “Дзядоў-88”, як аднаго з самых масавых мірных мітынгаў на прасторы тагачаснага СССР. Але ён быў жорстка разагнаны ўладамі — з выкарыстаннем слёзатачывага газу і вадамётнай тэхнікі. Самога Алеся тады хутка затрымалі.

“Курапаты — моцны ўдар па той уладзе. У 1988-м годзе беларусы ўпершыню за 70 гадоў кінулі выклік уладзе”, — узгадвае Алесь Бяляцкі.

На выставе можна ўбачыць фотаздымкі першага крыжа ў Курапатах — Крыжа Пакуты, які захаваўся там і дагэтуль.

“Ён быў сімвалам пэўнай маральнай перамогі і памяці бязвінна расстралянных людзей”.

Вядома, што гэтае супрацьстаянне працягваецца і сёння. Нашая выстава нечакана атрымала сучасны працяг. Тое, што адбываецца ў апошнія месяцы, нагадвае, наколькі гэта для ўсіх беларусаў святое месца”.

Падчас адкрыцця выставы выступіла і старшыня Цэнтра даследванняў грамадзянскай супольнасці Паліна Сцепаненка, якая таксама ўзгадала падзеі 1988 года, у прыватнасці эксгумацыю ў Курапатах, на якой яна была асабіста.

На выставу былі запрошаныя людзі, якія з’яўляліся сведкамі тых падзеяў. Выступалі падчас імпрэзы вядомы мастак Алесь Марачкін, праваабаронца Валер Шчукін.

Праваабаронца, журналіст Валер Шчукін

Адзначыў на імпрэзе юрыдчыныя акалічнасці Курапатаў юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка. Ён распаёў, як год таму накіроваў запыт у пракуратуру адносна эксгуміраваных парэшткаў з Курапатаў, але ведамства праігнаравала яго зварот.

Фотавыставу “Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты” можна наведаць на "Тэрыторыі правоў" па адрасе:

г. Мінск, вул. Ложынская,16, памяшканне 404 (ст. метро "Уручча")

Фотавыстава Уладзіміра Сапагова “Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты”