1549

Праваабаронцы паведамляюць пра ціск на рэдактара газеты «Наш Магілёў»

03.11.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

«Пасля таго, як у міліцыі не атрымалася прыцягнуць Ігара Барысава да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, ім занялася падаткавая інспекцыя», – інфармуе сайт eurobelarus.info.

Па інфармацыі рэсурсу, падаткавікі апытваюць знаёмых, сяброў, а таксама іншых грамадзян, якія мелі справу з журналістам.

28 кастрычніка ў кватэру Барысава пад выглядам «сезоннага агляду камунікацый» хацеў трапіць невядомы чалавек, які назваўся старэйшым майстрам ТДА «Камунальнік». Нікога з суседзяў Барысавых у гэтай справе не турбавалі, і ў офісе ТДА «Камунальнік» не змаглі прадаставіць плана «сезоннага агляду кватэр».

12 сакавіка 2015 г. у кватэры Ігара Барысава правялі агляд памяшкання нібыта ў межах праверкі факту паклёпу (арт. 188 ч. 2 КК РБ) на дырэктара прадпрыемства «Стужка» Сяргея Пятрова ў артыкуле на сайце «Наш Магілёў». У той жа дзень «агляд» правялі на кватэры, дзе месціцца Магілёўскі офіс Праваабарончага цэнтра «Вясна». На экспертызу агулам забралі шэсць камп’ютараў, два мадэмы і нататнік.

13 ліпеня Барысава запрасілі ў міліцыю забраць камп’ютары, а заадно паведамілі, што праверка па факце паклёпу скончана, і крымінальнай справы супраць яго не распачыналі. Затое завялі дзве адміністрацыйныя (парушэнне закона «Аб СМІ» і парушэнне парадку атрымання грашовай дапамогі з-за мяжы) якія таксама пазней закрылі.

«Аднак запісы з нататніку Следчы камітэт перадаў у падаткавую, якая вырашыла скласці сумы, запісаныя ў ім, супаставіць іх з прыбыткамі, каб спагнаць падатак з сумаў у выпадку перавышэння прыбытку. Цяпер падаткавая інспекцыя разам з камунальнікамі спрабуюць высветліць матэрыяльны стан, у якім знаходзіцца сям’я Ігара Барысава», – піша eurobelarus.info.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!