405

Праваабарончыя арганізацыі патрабуюць неадкладна спыніць пераслед Дзмітрыя Казлова

21.01.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Супольная заява праваабарончых ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці

Мінск, 21 студзеня 2020 г.

17 студзеня 2020 г. Дзмітрый Казлоў, вядомы як блогер “Шэры кот”, у чарговы раз быў асуджаны судом г. Орша на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Таксама вядома, што на Дзмітрыя Казлова агулам склалі восем пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (за ўдзел у акцыях і за распаўсюд заклікаў да ўдзелу ў іх) і яго чакае яшчэ адзін судовы працэс 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёну г. Мінска. 

Нагадаем, што яшчэ 25 снежня 2019 г. Дзмітрый Казлоў трапіў у ІЧУ г. Оршы на 15 сутак арышту за ўдзел у мірных сходах, якія адбываліся ў г. Мінску ў перыяд правядзення парламенцкіх выбараў.

9 студзеня 2020 г. на волю ён так і не выйшаў, бо якраз у той дзень суд г. Орша і Аршанскага раёну пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам, гэтым разам за ўдзел у мінскіх акцыях супраць “паглыбленай інтэграцыі” 21 снежня 2019 г.

На наступны дзень, 10 студзеня 2020 г., яго зноўку судзілі, цяпер за ўдзел у мінскіх пратэстах 20 снежня 2019 г. Пастанова суду – трэці арышт на 15 сутак.

13 студзеня 2020 г. судовы канвеер працягваўся, і Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз – за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Мінску 29 снежня 2019 г.

20 студзеня блогер быў часова вызвалены з ІЧУ г. Оршы на час правядзення “дэзынфекцыі”. Ён паведаміў журналістам, што агулам быў асуджаны да 90 сутак адміністрацыйнага арышту.

Тактыка асуджэння грамадскіх актывістаў адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матыванага ціску. Так, актывіст Іван Амельчанка ў 2012 г. адбываў 52 сутак адміністрацыйнага арышту ў ЦІП г. Мінска запар.

Мы ў чарговы раз адзначаем, што такога кшталту практыка прымянення нормаў КаАП з’яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, ужываецца з мэтай аказання ціску і пакарання за грамадскую дзейнасць блогера Дзмітрыя Казлова.

Акрамя таго мы адзначаем, што пазбаўленне волі Дзмітрыя Казлова, па сваёй працягласці, суадноснае з пакараннем у выглядзе арышту у межах Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Зняволенне Дзмітрыя Казлова выкарыстана выключна ў сувязі з рэалізацыяй апошнім свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці.

Нагадваем, што згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджаным беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыцяўленнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неакладнага вызвалення. Гэтыя патрабаванні ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за удзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да іх правядзення, пра што намі ўжо неаднаразова заяўлялася.

У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера Дзмітрыя Казлова і патрабуем:

  • адмены вынесеных у дачыненні да Дзмітрыя Казлова пастановаў суда Маскоўскага раёна г. Мінска ад 25 снежня 2019 г., а таксама суда г. Оршы і Аршанскага раёна ад  9, 10 і 13 студзеня 2020 г. і іншых судовы пастановаў, вынесеных у дачыненні да яго па арт. 23. 34 КаАП;
  • спынення раней распачатых супраць Дзмітрыя Казлова адміністрацыйных працэсаў па арт. 23. 34 КаАП;

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

Праваабрончы цэнтр “Вясна”;

ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"»;

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Цэнтр прававой трансфармацыі "Lawtrend";

Простае таварыства "Ініцыятыва Forb";

ППУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю";

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!