НЕ - ВАЙНЕ!
1253

Праваабарончая супольнасць Беларусі назвала “Журналіста года” ФОТА

10.12.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Названыя лаўрэаты Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў трох намінацыях: “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія/ініцыятыва года”.

У намінацыі "Журналіст года" пераможцамі названыя Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч.

Кацярына Андрэева  

Журналістка “Белсата”. Вядомая вядоўца стрымаў з актыальных падзей ў Беларусі. Не раз была затрыманая і аштрафаваная за прафесійную дзейнасць. Суаўтар дакументальнай кнігі “Беларускі Данбас”. 15 лістапада Кацярыну затрымалі, калі яна вяла стрым з “Плошчы пераменаў”; 20 лістапада была абвінавачаная па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Прызнаная палітзняволенай.

Кацярына Барысевіч

Журналістка TUT.BY. Працавала на “Беларускім радыё” і “Еўрарадыё”, дзевяць гадоў была аглядальнікам беларускай рэдакцыі “Камсамольскай праўды”. Аўтар шматлікіх судовых рэпартажаў; уваходзіць у групу аўтараў спецпраекта “Калі да вас прыйшлі”, дзе ў малюнках, відэа і кароткіх тэкстах цягам году давалі падрабязныя юрыдычныя парады, як паводзіцца пры затрыманні, допыце і г.д.  Падчас і пасля выбараў-2020 рабіла матэрыялы, прысвечаныя рэалізацыі правоў і свабодаў чалавека. За прафесійную дзейнасць — падрыхтоўку матэрыялаў аб гібелі Рамана Бандарэнкі — арыштаваная і абвінавачаная па крымінальным артыкуле (ч. 3 арт. 178) за выдаванне медыцынскай таямніцы, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Прызнаная палітзняволенай.

Дар'я Чульцова

Аператар “Белсата”. Не раз была пакараная за прафесійную дзейнасць: у 2019 годзе атрымала штраф за сюжэт пра чыноўніка Андрэя Кунцэвіча; у 2020 годзе — за рэпартаж з акцыі пратэсту аўтамабілістаў супраць падвышэння коштаў на бензін.

15 лістапада працавала разам з Кацярынай Андрэевай над стрымам з Плошчы Перамен, іх разам затрымалі. Падазраваная па арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — пазбаўленне волі на 3 гады. Прызнаная палітзняволенай.

 

Праваабаронца года” — Таццяна Агеева. Узнагароджаная пасмяротна.

Адвакат са стажам 30 гадоў; 8 гадоў праваабарончай дзейнасці. Пасля Плошчы-2010 Таццяну Агееву пазбавілі ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.

Таццяна Агеева дапамагала Цэнтру прававой трансфармацыі, супрацоўнічала з Беларускім дакументацыйным цэнтрам. Аўтар больш чым дзесяці індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН; адзін з іх — ад імя маці палітыка Юрыя Захаранкі; аўтар шматлікіх публікацый і аналітычных аглядаў (грамадскі кантроль за месцамі несвабоды, права ахвяраў палітычных рэпрэсій, абскарджванне дзеянняў службовых асобаў, незалежнасць судовай сістэмы, самакіраванне адвакатуры і інш.). У 2016–2017 гадах уваходзіла ў рабочую групу па падрыхтоўцы Прынцыпаў дзейнасці беларускіх праваабаронцаў, прымала ўдзел у супольных праваабарончых праектах.

Тацццяна Агеева — аўтар Рэкамендацый у праект Закона РБ “Аб зменах і дапаўненнях у некаторыя законы аб удасканальванні дзейнасці адвакатуры” ад імя беларускіх праваабаронцаў.

Сваю прафесійную дзейнасць Таццяна Агеева прысвяціла абароне правоў, падвышэнню аўтарытэта праваабаронцаў у беларускім грамадстве, умацаванню ролі права і правасуддзя, незалежнасці суддзяў і адвакатаў.

 

Лепшая "Праваабарончая кампанія года" — іныятыва #ByCOVID19.

Валанцёрская ініцыятыва, якая арганізавала дабрачынныя зборы сродкаў у падтрымку медыкам Беларусі падчас першай хвалі каронавіруса ў сакавіку – чэрвені 2020 года. Ініцыятыва аб’яднала больш за 1 500 валанцёраў па ўсёй Беларусі. Праз краўдфандынг сабралі рэкордную на той момант суму грошай: больш за 360 000 долараў, на якія закупілі больш за 450 000 адзінак сродкаў індывідуальнай абароны. 

Вёў цырымонію Барыс Гарэцкі — намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

***

Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе "Праваабарончым альянсам". З 2011 года яна з'яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці. Прэміяй за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца "Праваабаронца года", "Журналіст года", "Адвакат года" (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе — "Кампанія / ініцыятыва года".

У арганізацыйны камітэт прэміі ўваходзяць: ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Камітэт "Салідарнасць", Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Праваабарончая супольнасць Беларусі назвала “Журналіста года” 2019 ФОТА

Главред БелаПАН Ирина Левшина — лауреат Правозащитной премии 2018 ФОТА

Лаўрэатка Праваабарончай прэміі 2017 года — журналістка Радыё "Свабода" Галіна Абакунчык ФОТА

У Мінску названыя лаўрэаты прэміі беларускай праваабарончай супольнасці 2016 ФОТА

Сябры БАЖ уганараваныя праваабарончымі прэміямі 2015 ФОТА

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!