493

Праваабаронцаў «Вясны» асудзілі на вялікія турэмныя тэрміны. БАЖ пратэстуе супраць судовай расправы

03.03.2023 Крыніца: БАЖ

3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна горада Мінска суддзя Марына Запаснік прызначыла старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна», палітвязню Алесю Бяляцкаму 10 гадоў. 

Акрамя Аляся Бяляцкага абвешчаны прысуд іншым палітзняволеным праваабаронцам «Вясны»:

  • Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў

  • Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў

  • Дзмітрыю Салаўёву (завочна) — 8 гадоў

Да таго старшыні «Вясны» прызначылі пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў), астатнім — па тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў).

Нагадаем, 9 лютага 2023 года пракурор Аляксандр Каральзапрасіў для Алеся Бяляцкага да 12 гадоў пазбаўлення волі, Валянціна Стэфановіча — 11 гадоў і Уладзіміра Лабковіча —  9 гадоў, Дзмітрыю Салаўёву — 10 гадоў, а таксама запатрабаваў прызначыць штраф у памеры 185 000 беларускіх рублёў на кожнага з абвінавачаных.

Вясноўцы сваёй віны не прызналі.

"Пазіцыя пракуратуры па справе нашых сяброў і калегаў з'яўляецца ўвасабленнем усёдазволенасці беларускіх уладаў. Драконаўскія тэрміны турэмнага зняволення і штрафы нават па жахлівых стандартах глыбока скампраметаванай беларускай судовай сістэмы з'яўляюцца цяжкім выпрабаваннем для абвінавачаных і іх сем'яў", — заяўляў Павел Сапелка, выконваючы абавязкі члена праўлення "Вясны". 

Праваабаронцы "Вясны" заяўлялі пра парушэнні правоў і свабодаў вясноўцаў падчас суду. Яны падкрэслівалі, што на працягу ўсяго судовага працэсу абвінавачаныя заставаліся ў кайданках, а суддзя Марына Запаснік адмаўлялася разглядаць шматлікія хадайніцтвы аб іх зняцці. Суддзя таксама адмовілася даваць вясноўцам пісьмовыя прылады, з-за чаго Алесь Бяляцкі вымушаны канспектаваць ход судовага працэсу стрыжнем ад асадкі. Акрамя таго, праваабаронцам адмовілі ў разглядзе справы на іх роднай беларускай мове.

Абурэнне праваабаронцаў выклікала і тое, што дзяржСМІ  увесь час публікавалі «выкрывальныя» артыкулы пра вясноўцаў, а Уладзіміра Лабковіча, якому падчас пасяджэнняў станавілася блага, абвінавацілі ў сімуляцыі.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі напярэдадні вынясення прысуду па справе "Вясны" асудзілі крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча і ў чарговы раз заклікалі беларускія ўлады вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачанні.

Чытайце яшчэ:

БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

Яшчэ адзін беларус атрымаў Нобель! Факты пра Алеся Бяляцкага

У Магілёве затрымлівалі фотакарэспандэнта парталу «Могилёв. Онлайн». Зараз ён на свабодзе

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!