629

Праваабаронца з Віцебска дабіваецца ў судзе, каб матэрыялы Азаронка прызналі экстрэмісцкімі

02.11.2021 Крыніца: "Новы Час"

1 лістапада Віцебскі абласны суд разглядзеў прыватную скаргу праваабаронцы Паўла Левінава на рашэнне суду Першамайскага раёну гораду, куды ён раней звяртаўся з заявай, у якой прасіў прызнаць інфармацыйныя матэрыялы журналіста Рыгора Азаронка экстрэмісцкімі. Суд Першамайскага раёну Віцебску адмовіў яму ў завядзенні грамадзянскай справы. Суддзя абласнога суду Святлана Волкава таксама не падтрымала ягоную скаргу, піша «Віцебская вясна».

Праваабаронца Павел Левінаў (на фота) вымушаны быў звярнуцца ў Віцебскі абласны суд пасля таго, як суд Першамайскага раёну адмовіўся распачынаць грамадзянскую справу ў дачыненні да журналіста Рыгора Азаронка, спаслаўшыся на «непадведамнасць».

«Рашэннем суду Першамайскага раёну Віцебску ад 16 верасня 2021 году ў завядзенні грамадзянскай справы па заяве адмоўлена», — паведаміла суддзя Святлана Волкава. І патлумачыла, што «ў вызначэнні суд указаў, што адмовіў з прычыны непадведамнасці гэтай заявы суду». Суд Першамайскага раёну Віцебску спаслаўся на артыкулы 6 і 19 закону «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», згодна з якімі «суб'ектамі супрацьдзеяння экстрэмізму ў межах іх кампетэнцыі зʼяўляюцца: органы ўнутраных спраў; органы дзяржаўнай бяспекі; органы пракуратуры; органы пагранічнай службы; мытныя органы; орган дзяржаўнай аховы; Следчы камітэт» ды іншыя дзяржорганы.

Суд адзначыў, што Павел Левінаў «не зʼяўляецца субʼектам супрацьдзеяння экстрэмізму», а таму не можа звяртацца ў суд з просьбай прызнаваць экстрэмісцкімі матэрыяламі матэрыялы «журналіста Азаронка».

У прыватнай скарзе праваабаронца тлумачыў, што быў вымушаны звярнуцца ў суд, бо пералічаныя «субʼекты супрацьдзеяння экстрэмізму» не рэагуюць на ягоныя просьбы звярнуцца ў суд з заявай аб прызнанні экстрэмізмам працы Азаронка — і бяздзейнічаюць.

Суддзя Святлана Волкава не падтрымала довады праваабаронцы і вырашыла яго прыватную скаргу пакінуць без задавальнення, а судовае вызначэнне суду Першамайскага раёну — без зменаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!