2341

Пракуратуру просяць праверыць факт парушэння правоў падпісчыкаў “Крычаўскага жыцця”

13.05.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Эканамічныя ўмовы

Сябар ГА “БАЖ” з Крычава Мікалай Гердзій 12 мая накіраваў заяву ў пракуратуру Крычаўскага раёна.

У сваёй заяве Гердзій звярнуўся да супрацоўнікаў пракуратуры з просьбай правесці праверку факту парушэння правоў больш як 5 тысяч падпісчыкаў газеты “Крычаўскае жыццё”. У выпадку ўстанаўлення факту перавышэння службовых паўнамоцтваў службовымі асобамі рэдакцыі “Крычаўскага жыцця” журналіст просіць прыцягнуць іх да адказнасці.

Таксама ён просіць пракуратуру вынесці прадпісанне пра неадкладную публікацыю ў “Крычаўскім жыцці” выбачэнняў перад падпісчыкамі і абавязаць газету вярнуць ім грошы за недаатрыманыя нумары.

Заяву аналагічнага зместу Гердзій таксама накіраваў у Крычаўскі міжраённы аддзел Камітэта дзяржкантролю.

Паводле Мікалая Гердзія, ён пайшоў на гэты крок, таму што рэдакцыя “Крычаўскага жыцця” да гэтага часу так і не надрукавала на сваіх старонках выбачэнняў перад падпісчыкамі за невыкананне сваіх абавязкаў перад імі ў 2015 годзе і не паведаміла пра магчымасць кампенсацыі за недаатрыманыя нумары. Гердзій лічыць гэта спробай рэдакцыі прысвоіць грошы падпісчыкаў – а гэта больш за 63 мільёны рублёў.

Нагадаем, што паводле падпіснога каталога ў 2015 годзе падпісчыкі мелі атрымаць 104 нумары раённай газеты “Крычаўскае жыццё” – 51 нумар у першым паўгоддзі і 53 – у другім. Миж тым, у 2015 годзе фактычна выйшла ўсяго 100 нумароў “Крычаўскага жыцця” – 48 нумароў у першым паўгоддзі і 52 – у другім.

Мікалай Гердзій, які з’яўляецца сталым падпісчыкам “Крычаўскага жыцця”, звярнуў увагу на гэтае парушэнне і накіраваў адпаведныя звароты ў розныя інстанцыі. Пасля гэтага грошы за недаатрыманыя нумары газеты Гердзію адразу ж вярнулі, і рэдактар “Крычаўскага жыцця” Таццяна Іўкіна даслала яму ліст з афіцыйнымі выбачэннямі. Іншыя падпісчыкі газеты, між тым, так і не ўбачылі на яе старонках ні выбачэнняў, ні інфармацыі пра магчымасць кампенсацыі.

Дадамо, што восенню 2015 года раёнка накіравала з уласнага бюджэту больш за 350 мільёнаў рублёў на дапамогу сельгаспрадпрыемствам Крычаўскага раёна і мясцовай школе. Ужо ў гэтым годзе рэдакцыя газеты набыла новы аўтамабіль “УАЗ-Патрыёт”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!