1978

Пракуратура зоймецца каментарамі на рэгіянальным сайце (Дапоўнена)

07.08.2013 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

Старшыня суда Пружанскага раёна (Брэсцкая вобласць) Уладзімір Саўчук незадаволены каментарамі на сайце pruzhany.net, - паведаміла "Еўрарадыё".

 

Ён лічыць, што некаторыя карыстальнікі партала дапусцілі ў каментарах «паклёпніцкія здагадкі з абвінавачваннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства суддзі І. Жытко».

Як паведамляе газета райвыканкама "Раённыя будні", Саўчук накіраваў у пракуратуру патрабаванне правесці праверку на прадмет наяўнасці ў дзеяннях карыстальнікаў інтэрнэт-партала складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.188 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (паклёп).

Артыкул на pruzhany.net, пад якім з'явіліся каментары, называўся «Вынесена рашэнне суда з нагоды гібелі падлетка ў Пружанах». Ён тычыўся леташняй бойкі ў Пружанах, у выніку якой загінуў 19-гадовы хлопец, і суда, які апраўдаў абвінавачанага. Многія з каментаратаў абураліся такім рашэннем.

У Беларусі ўжо былі прэцэдэнты ўзбуджэння крымінальных спраў і падачы зыскаў за каментары ў інтэрнэце. Аднак пра прыцягненне кагосьці з іх аўтараў альбо СМІ да адказнасці інфармацыі не было. Адным з апошніх быў інцыдэнт з удзелам брэсцкай журналісткі Міланы Харытонавай, якая судзілася з калегам з дзяржаўнага выдання, які пакінуў зневажальны, на яе погляд, каментар на адным з брэсцкіх сайтаў. Увесну гэтага года яе зыск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой дэпутацыі адхілілі.

«Тэарэтычна, калі ў каментары знойдуць прыкметы паклёпу ці знявагі, гэта можа стаць падставай для ўзбуджэння альбо адміністратыўнай, альбо крымінальнай справы, альбо падачы зыску, -- кажа намеснік старшыні ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец. -- Пытанне толькі ў тым, каб высветліць асобу чалавека, які распаўсюджваў каментары. Ён і будзе несці адказнасць за  гэта».